Спецыялісты, што працуюць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) над выяўленнем узбуджальніка невядомай раней хваробы, успышка якой адбылася на захадзе краіны, удакладнілі свае ранейшыя высновы і назвалі каранавірусную інфекцыю адной з прычын захворвання. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Нацыянальны інстытут біямедыцынскіх даследаванняў ДРК прыйшоў да высновы, што гаворка ідзе пра складаны выпадак каінфекцыі — заражэнне адной клеткі адразу некалькімі відамі вірусаў, перадае электроннае выданне. Узбуджальнікамі хваробы, выяўленай мінулай восенню ў ДРК, з’яўляюцца адначасова вірус грыпу AH1N1 і каранавіруса SARS-CoV-2. Пры гэтым яны ўзаемадзейнічаюць з ўзбуджальнікамі малярыі. Заражэнне адбываецца на фоне агульнага аслаблення арганізма праз недастатковае харчаванне.
17 снежня міжнародная група навукоўцаў абвясціла, што невядомая хвароба — гэта цяжкая форма малярыі. Аднак далейшыя даследаванні паказалі, што гаворка ідзе пра групу ўзбуджальнікаў.
Успышка захворвання адбылася ў кастрычніку ў кангалезскай правінцыі Кванга. Хвароба, абвешчаная невядомай, суправаджалася высокай тэмпературай і моцнымі галаўнымі болямі. Паводле афіцыйных звестак кангалезскага ўрада, агульная колькасць хворых — 593, з іх памерлі 36. У сваю чаргу ўлады Кванга паведамілі пра смерць 143 чалавек.