У мінулыя выходныя ізраільскія сухапутныя войскі выйшлі за межы дэмілітарызаванай зоны на мяжы з Сірыяй, паведамляе The New York Times са спасылкай на ізраільскіх чыноўнікаў.
Паводле крыніцаў, армія Ізраіля заняла вяршыню гары Хермон на сірыйскім баку мяжы, а таксама некалькі іншых стратэгічна важных пунктаў, якія, на думку ізраільскіх вайскоўцаў, неабходныя для падтрымання кантролю над рэгіёнам.
Начальнік Генеральнага штаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві пацвердзіў, што Ізраіль увёў войскі на сірыйскую тэрыторыю, але адмовіўся раскрываць дэталі аперацыі.
Адначасова ізраільскія ВПС нанеслі ўдары па шэрагу цэляў у Сірыі. Паводле звестак крыніц, атакаваныя сірыйскія вайсковыя аб’екты, якія раней уяўлялі пагрозу для бяспекі Ізраіля. Сітуацыя пагоршылася праз прысутнасць экстрэмісцкіх элементаў сярод паўстанцаў, якія маглі выкарыстоўваць гэтыя аб’екты ў сваіх інтарэсах.
Ізраільскі прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху заявіў, што пагадненне пра буферную зону на Галанскіх вышынях, якое дзейнічала з 1970-х гадоў, фактычна спыніла існаванне. «Сірыйскія вайскоўцы пакінулі свае пазіцыі, і гэтага пагаднення больш няма», — сказаў ён, запэўніўшы, што Ізраіль гатовы абараняць свае межы ад любых пагрозаў.
Раней паведамлялася, што кааліцыя мяцежных сірыйскіх груповак захапіла Дамаск і пачала фармаваць пераходныя органы ўлады. Улады Ізраіля назвалі ўвод войскаў часовай мерай, абумоўленай неабходнасцю гарантавання бяспекі на фоне нестабільнасці ў суседняй краіне.