Каля 200 чалавек з грузінскіх апазіцыйных партый і рухаў блакуюць выхад пасажыраў лайнера Astoria Grande на пірс Батумі. Пра гэта паведаміў 31 ліпеня ў сваім тэлеграм-канале блогер Мікалай Леўшыц.
Паводле яго інфармацыі, актывісты не прапусцілі ў порт аўтобус, што прыехаў забраць турыстаў.
«Гэтым разам расійскіх турыстаў на караблі суправаджаюць музыкі і зоркі тэлеканала RuTv. Сярод іх — удзельнік патрыятычных канцэртаў „Zа Расію“, былы саліст групы Hi-Fi Міця Фамін, музычны гурт „Те100стерон“ (выступалі перад параненымі з канцэртам у шпіталі Мінабароны РФ), беларускі спявак Дзмітрый Калдун (выступаў у самаабвешчанай ДНР у 2018 годзе)», — напісаў Леўшыц.
Пяцёра ўдзельнікаў пратэсту затрыманыя. Як паведамляе «Новы Час», некаторыя пратэстоўцы трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.
Раней Дзмітрый Калдун пацвердзіў сваю прысутнасць на лайнеры. У сацсетках ён расказаў, што па дарозе ў Стамбул ён стукнуўся галавой аб так званы спрынклер — распыляльную галоўку сістэмы пажаратушэння. Металічная прылада рассекла скуру на галаве спевака да косткі і справакавала вялікі крывацёк. Карабельным медыкам не заставалася нічога іншага, як зашыць яе, пісала untro.ru.
У папярэдні заход лайнера Astoria Grande ў Батумі 27 ліпеня яго таксама сустракалі пратэстамі. Удзельнікі акцый адпраўлялі турыстаў услед за рускім ваенным караблём. Тады лайнеру давялося датэрмінова пакінуць порт Батумі, перадае Deutsche Welle. Прадстаўнікі кіраўнічай партыі асудзілі пратэсты, а прэзідэнт Грузіі падтрымала іх.
Як паведамляе РІА «Новости», грузінскага горада Батумі больш няма ў спісе прыпынкаў у маршрутах круізнага лайнера Astoria Grande. Пра гэта сведчаць звесткі на афіцыйным сайце генеральнага агенцтва па продажы круізаў.