У пятніцу, 2 чэрвеня, працягнуліся інтэнсіўныя абстрэлы ў раёне Шабекіна ў Белгародскай вобласці Расіі. Губернатар гэтага рэгіёна Вячаслаў Гладкоў расказаў у сваім тэлеграм-канале пра тое, што адбываецца.
«Ноч прайшла неспакойна. І СПА працавала над Белгарадам. У Разумным (пасёлку гарадскога тыпу. — Заўв. рэд.) пацярпелі аўтамабілі. Самыя цяжкія наступствы ў нас у Собалеўцы Валуйскай акругі (гаворка пра вёску. — Заўв. рэд.). Пасля абстрэлу з сістэм залпавага агню параненыя і загінулі мірныя жыхары. Абавязкова паспрабую з’ездзіць туды сёння. <…> Хоць колькасць абстрэлаў Шабекіна значна скарацілася ў параўнанні нават з папярэднім днём, але ўсё роўна застаецца пакуль небяспечнай», — напісаў губернатар.
Паводле Гладкова, працягнецца пераразмеркаванне людзей з вялікіх пунктаў часовага размяшчэння ў больш камфортныя — у студэнцкія інтэрнаты ВНУ і каледжаў.
«Спадзяюся, што сітуацыя палепшыцца. Яны змогуць вярнуцца ў свае дамы», — адзначае губернатар.
⠀
Праз абстрэлы 300 дзяцей з рэгіёна адправілі на летні адпачынак у расійскую Калугу і 300 дзяцей — у расійскі Яраслаўль.