У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў раёне Аўдзееўкі нанеслі ўдар па камандна-назіральным пункце падраздзялення 110-й механізаванай брыгады УСУ. У Генштабе УСУ паведамілі, што на Бахмуцкім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у кірунку пасёлка Хромава, што за пяць км ад Бахмута. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны мяркуюць, што рэакцыя расійскіх уладаў на рэйд ДРГ у Белгародскую вобласць была «непрапарцыйнай».
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 455-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Знішчылі ўдарна-разведвальны верталёт Ка-52
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 41 авіяцыйны ўдар і правялі 53 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпелі мірныя жыхары, разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая цывільная і адміністрацыйная інфраструктура. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — тут за суткі прайшло 26 баявых сутыкненняў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне нанеслі авіяцыйны ўдар паблізу Даўжанкі, з мінамётаў і артылерыі абстралялі раёны 26 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёне Масютоўкі. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах двух населеных пунктаў, абстралялі раёны 12 населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей.
— На Ліманскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў кірунку Белагораўкі, але поспеху не меў. Там жа нанёс авіяўдар. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся чатыры населеныя пункты Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у кірунку пасёлка Хромава, але беспаспяхова. Нанеслі авіяўдары ў раёнах Бахмута, Іванаўскага і яшчэ трох населеных пунктаў. Абстралялі 13 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку беспаспяховыя наступальныя дзеянні расіяне вялі ў кірунку Першамайскага. Нанеслі авіяўдары ў раёнах Новакалінава і Аўдзееўкі. Абстралялі 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку ў раёне горада Мар'інка адбітыя шматлікія атакі расійскіх сіл. Праціўнік таксама абстраляў пяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расіяне нанеслі авіяўдар у раёне Прачыстаўкі, абстралялі шэсць населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі абараняюцца. Зафіксаваныя авіяўдары па трох населеных пунктах, а таксама абстрэлы 18 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей і горада Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за дзень нанесла 15 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў, з якіх тры — па зенітна-ракетных комплексах.
— Знішчаныя ўдарна-разведвальны верталёт Ка-52, чатыры ўдарныя БПЛА тыпу Shahed і разведвальны дрон тыпу Zala.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі тры пункты кіравання, чатыры раёны канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, склад боепрыпасаў, два артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях і яшчэ тры важныя цэлі расійскіх войскаў.

Мінабароны Расіі: Нанеслі ўдар па камандна-назіральным пункце УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі паведамілі, што СПА збіла ў Данецкай вобласці знішчальнік МіГ-29 Паветраных сіл Украіны.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Першатраўневае, Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Кіслоўка Харкаўскай вобласці спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі знішчаныя звыш 40 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Неўскае Луганскай вобласці, Тарскае і Грыгораўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за 60 вайскоўцаў УСУ, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-30. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Верхнякаменскае Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 54-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў, удараў авіяцыі і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў за суткі знішчаныя да 150 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, два бронетранспарцёры, дзве баявыя браніраваныя машыны, а таксама тры аўтамабілі. Акрамя таго, у раёне населеных пунктаў Славянск і Грыгораўка Данецкай вобласці знішчаныя склады боепрыпасаў 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ і 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Шаўчэнка Данецкай вобласці, Малая Такмачка, Марфопаль і Каменскае Запарожскай вобласці. Страты УСУ на гэтых напрамках склалі да 125 вайскоўцаў забітымі і параненымі, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння цягам мінулых дзён знішчаныя да 25 украінскіх вайскоўцаў, гаўбіца «Мста-Б» і два аўтамабілі.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, пабітыя 93 артылерыйскія падраздзяленні, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 107 раёнах. У раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці пабіты камандна-назіральны пункт падраздзялення 110-й механізаванай брыгады УСУ. Перахопленыя 16 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя 20 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Тэмпы баёў на Бахмуцкім напрамку знізіліся
Рэакцыя Расіі на рэйд дыверсійнай групы ў Белгародскую вобласць у інфармацыйнай прасторы і па колькасці задзейнічаных сілаў была ў найвышэйшай ступені непрапарцыйнай што да такога «вельмі малога і лакальнага мерапрыемства». Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.
23 траўня расійскія ўлады абвясцілі пра завяршэнне «контртэрарыстычнай» аперацыі ў Белгародскай вобласці, заявіўшы, што «разграмілі» Рускі добраахвотніцкі корпус (РДК) і Легіён «Свабода Расіі» (ЛСР). Міністэрства абароны Расіі (МА) заявіла, што падраздзяленні памежных войскаў Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) адбілі рэйд і выціснулі ўсіх «дыверсантаў» з Белгародскай вобласці.
Эксперты адзначаюць, што па стане на 23 траўня расійскія сілы, імаверна, адціснулі групу РДК і ЛСР прынамсі да памежнага пасёлка Казінка і, магчыма, за межы тэрыторыі Расіі. Казінка знаходзіцца прыкладна за 76 км на паўднёвы ўсход ад украінскага горада Сумы. Геалакаваныя кадры з расійскіх дзяржаўных СМІ паказваюць пашкоджаныя і знішчаныя аўтамабілі на блакпасце. Аднак у Легіёне «Свабода Расіі» заявілі, што 23 траўня ўдзельнікі групы працягвалі дзейнічаць у Белгародскай вобласці.
Расійскія крыніцы таксама паведамлялі пра аналагічныя рэйды на мяжы Харкаўскай і Белгародскай абласцей 23 траўня, аднак ISW не знайшоў дакладных пацверджанняў гэтай інфармацыі.
У расійскай інфармацыйнай прасторы актыўна абмяркоўвалі тое, што адбываецца, засяродзіўшыся на мэтах рэйду і адказе расійскага боку. Крыніцы таксама распаўсюдзілі фатаграфію генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна, які пазіруе з захопленай машынай, і заявілі, што Лапін кіраваў контртэрарыстычнай аперацыяй разам з часткамі 3-й мотастралковай дывізіі (20-я гвардзейская агульнавайсковая армія, Заходняя вайсковая акруга). Многія хвалілі Лапіна за правядзенне «контртэрарыстычнай аперацыі» пасля таго, як памежная служба Расіі не змагла адбіць рэйд ДРГ. Некаторыя крытыкавалі рашэнне перадаць Лапіну камандаванне, успамінаючы яго няўдачы ва Украіне. Эксперты кажуць, што ў цэлым рэакцыя на падзеі ў Белгародскай вобласці ў расійскай інфармацыйнай прасторы — у найвышэйшай ступені непрапарцыйная што да такога маленькага і лакальнага мерапрыемства. Расійскім сілам не патрабавалася значных падмацаванняў — або ўдзелу генерал-палкоўніка — для адбіцця рэйду, праведзенага, як паведамляецца, 13 бронемашынамі, заўважаюць у ISW.
Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што тэмпы баёў на Бахмуцкім напрамку знізіліся на фоне абмежаваных украінскіх контратак на флангах. Генштаб Украіны не паведаміў пра баі ў горадзе Бахмут у сваёй вечаровай аператыўнай справаздачы ўпершыню са снежня 2022 года. Генштаб таксама паведаміў, што расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Хромава (непасрэдна на захад ад Бахмута). Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр пацвердзіла, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі ва ўмацаваным раёне каля помніка МіГ-17 у заходняй частцы Бахмута. Прэс-сакратар Усходняй групы войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты заявіў, што ўкраінскія войскі прасунуліся на 200−400 метраў па флангах Бахмута і па-ранейшаму кантралююць шэраг будынкаў і ўмацаванняў на паўднёвым захадзе горада. Пры гэтым расійскія «ваенкары» сцвярджаюць, што ў раёне «самалёта» нібыта няма ўкраінскіх сіл. Адзін з іх распаўсюдзіў відэа, на якім нібыта відаць сілы ПВК Вагнера ля помніка МіГ-17. Яшчэ адзін ваенны блогер паведаміў, што ўкраінскія войскі прасунуліся ў раёне Ягаднага (1 км на паўночны захад ад Бахмута) і што расійскія войскі беспаспяхова атакавалі паблізу Грыгораўкі (8 км на паўночны захад ад Бахмута) і Іванаўскага (непасрэдна на захад ад Бахмута).
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на мяжы Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія войскі працягвалі абарончыя аперацыі на поўдні Украіны напярэдадні планаванага ўкраінскага контрнаступлення;
- памілаваныя асуджаныя з ПВК Вагнера працягваюць здзяйсняць злачынствы ў Расіі пасля заканчэння ваенных кантрактаў з кампаніяй;
- акупацыйныя ўлады Запарожскай вобласці абвясцілі пра пачатак папярэдняга галасавання за кіроўную партыю «Адзіная Расія».