Спецыяльнасцямі з самымі высокімі прахаднымі баламі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ) сёлета сталі «Стаматалогія», «Лекавая справа» і «Фармацыя», паведамілі ў ВНУ. Летась яны таксама былі самымі папулярнымі.
У найбуйнешай медыцынскай ВНУ Беларусі завяршылася ўступная кампанія. Без экзаменаў на бюджэтную форму навучання паступілі 16 чалавек, сярод якіх — 14 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіядаў па хіміі і біялогіі.
Усяго на першы курс залічаныя 1168 юнакоў і дзяўчат, 38 чалавек — звыш конкурсу, пяць замежнікаў — па міжнародных грантах. Кантрольныя лічбы прыёму на дзённую форму за кошт бюджэту склалі 975 месцаў. Пры гэтым на агульны конкурс аддалі 302 месцы, з іх 55 месцаў — у інтарэсах узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў (Вайскова-медыцынскі інстытут).
Акрамя таго, па-за конкурсам паступілі тры чалавекі, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю, прайшлі тэрміновую вайсковую службу і падалі ў прыёмную камісію рэкамендацыі вайсковых частак.
Найвышэйшы прахадны бал сёлета — на спецыяльнасці «Стаматалогія» (395). Далей ідуць «Лекавая справа» (376) і «Фармацыя» (375).
Нагадаем, летась гэтыя тры спецыяльнасці таксама аказаліся самымі папулярнымі ў БДМУ. Прахадны бал на «Стаматалогію» быў 395, а на дзве іншыя — вышэйшы, чым у 2024-м: на «Фармацыю» — 382, на «Лекавую справу» — 381.
Акрамя таго, сярод першакурснікаў найбуйнешага медыцынскага ўніверсітэта — тры абітурыенты, якія набралі 400 балаў па выніках ЦЭ і ЦТ. Гэта жыхар Івацэвічаў і два мінчукі.