Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  2. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  3. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  4. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  5. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  6. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  7. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  8. Умер папа Франциск
  9. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  10. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  11. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  12. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие для дискредитации Украины. Объясняем почему
  13. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  14. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  15. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
Читать по-русски


24-гадовы Дзіма Гопта — адзін з самых вядомых палітвязняў. Хлопец мае асаблівасці развіцця, але, нягледзячы на гэта, яго на два гады кінулі за краты. Дзіму абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 8 і 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Сам хлопец так да канца і не зразумеў, за што яго пасадзілі. Палітвязень адбываў тэрмін у ПК-3 «Віцьба». Адседзеўшы яго цалкам, выйшаў на волю 31 снежня 2022 года. Праз два тыдні разам з матуляй пакінуў Беларусь. Вольга і Дзмітрый Гопты цяпер жывуць у Літве, дзе атрымалі палітычны прытулак. Пра ўсё перажытае яны расказалі «Новаму часу».

Дзіма Гопта разам з мамай Вольгай Гопта. Фота з сямейнага архіва
Дзіма Гопта разам з мамай Вольгай Гопта. Фота з сямейнага архіва

«Сумуем па Беларусі, але цешымся, што ў бяспецы»

Дзіма кажа, што ў Літве яму вельмі падабаецца. Ён вучыць літоўскую мову, кожны панядзелак наведвае заняткі па ёзе, любіць гуляць па Вільнюсе, часта ходзіць у лес, займаецца спортам.

— Нядаўна вось гулялі з сябрам у футбол, дык я так захапіўся, што ўпаў і падрапаў калені, — з усмешкай распавядае хлопец.

У Літве былы палітвязень атрымаў групу інваліднасці. «А ў Беларусі мы гэтага так і не дамагліся», — кажа маці Дзімы Вольга Гопта.

— Працэдура па афармленні інваліднасці тут зусім іншая. Яна не вымагае шпіталізацыі ў псіхіятрычны стацыянар — Дзіма вельмі гэтага баяўся, — усё па-чалавечы, усё зразумела, проста, плюс выдатнае стаўленне з боку медыкаў, — апавядае Вольга Гопта.

Маці хлопца дадае, што рашэнне пра ад’езд з Беларусі далося досыць цяжка:

— Калі Дзімка вызваліўся, я яшчэ нейкі час вагалася: думала, ай, ну, можа, неяк тут зможам жыць. Але даволі хутка я зразумела, што мы не зможам увесь час існаваць у такіх напружанні і няпэўнасці. Я глядзела на Дзіму і разумела, што ён не адчувае сябе ў бяспецы. Параіліся і вырашылі з’язджаць. Мы дужа сумуем па Беларусі, але цешымся, што нарэшце ў бяспецы.

Дзіма кажа, што стараецца забыць перажытае за кратамі, але цяжкія ўспаміны ўсё роўна накочваюць час ад часу, вяртаюцца да хлопца знянацку альбо ў выглядзе начных кашмараў.

— Тады ўвесь сон насмарку. Але гэта не кожную ноч здараецца, — распавядае хлопец. — Калі я згадваю пра турму днём, то я тады выходжу на вуліцу і гуляю, часам іду ў лес.

Мама дадае, што ў сваіх успамінах Дзіма імкнецца знаходзіць штосьці пазітыўнае і радаснае:

— Напрыклад, ён згадвае нейкія цікавыя размовы і сустрэчы з палітвязнямі. Дзімка ўвогуле вельмі пазітыўны, жыццярадасны. Здольнасць і прага бачыць і запамінаць добрае і ўратавалі яго за кратамі.

Дзіма Гопта разам з мамай Вольгай Гопта. Фота з сямейнага архіва
Дзіма Гопта разам з мамай Вольгай Гопта. Фота з сямейнага архіва

«Калі мяне забіралі з суда, я плакаў»

— Вельмі добра памятаю дзень, калі мяне арыштавалі. Я касіў траву каля дома. Да мяне прыйшлі двое мужчын, я спачатку нічога не зразумеў. Мяне павезлі ў РУУС і там я ўжо асэнсаваў, што гэта нейкая падстава, — згадвае акалічнасці арышту Дзіма. — Я сядзеў там усю ноч, і ў мяне пыталіся: што, як і чаму? Мне было вельмі страшна, бо я ведаў, што ў міліцыі моцна б’юць. Але мяне, дзякуй богу, не краналі, толькі задавалі шмат пытанняў.

Самае цяжкае — гэта ўспамінаць пра суд. І сам суд быў для мяне вельмі цяжкім. Калі мяне адтуль забіралі, я плакаў, я не ведаў, што мне рабіць, я думаў, што ўжо больш ніколі не вярнуся з-за кратаў і ўжо ніколі не ўбачу родных і блізкіх.

— Гэта быў шок. Цяпер, калі мы ў бяспецы, шмат якія пачуцці і ўспаміны прытупляюцца, перажытае ўспрымаецца не так балюча… Але на самім пачатку не магла паверыць, што Дзіму ўвогуле могуць пасадзіць, — дадае Вольга Гопта. — На судзе я старалася не плакаць, трымалася, каб яшчэ больш не напалохаць сына. Дома, канешне, ужо дала волю пачуццям. Але прымушала сябе ўзяць сябе ў рукі, бо трэба ж было трымацца, падтрымліваць Дзіму, займацца апеляцыяй. Напачатку была яшчэ нейкая надзея, што прысуд будзе перагледжаны, што адбылася страшэнная памылка, што Дзіму выпусцяць з-за кратаў. Я была ўпэўненая, што сын не будзе сядзець увесь тэрмін, што ён абавязкова выйдзе раней. Але прыкладна праз год стала зразумела, што свой тэрмін Дзіма ўсё ж адседзіць. Не дапамагло нават прашэнне аб памілаванні, якое мы падавалі. Нам адмовілі.

Вольга Гопта дзякуе ўсім за падтрымку і салідарнасць:

— Гэта дужа дапамагала трымацца, не здавацца, давала дадатковыя сілы, каб змагацца за Дзіму.

«Папрасіў маму зрабіць блінчыкі з тварагом»

— Самым цяжкім было прабыць у калоніі, усё гэта вытрымаць. Калі я выйшаў з турмы, то вельмі цешыўся, што я на свабодзе, што мне больш нічога не пагражае, я тады плакаў вельмі моцна, — распавядае былы палітвязень. — Я папрасіў маму зрабіць блінчыкі з тварагом, еў іх і адчуваў сябе самым шчаслівым.

Мне было так добра, калі я нарэшце лёг у свой ложак, так цёпла і ўтульна!

У турме мне вельмі не хапала ежы, увогуле ежа там была вельмі нясмачная.

— А чаго табе больш за ўсё бракавала з ежы? Пра якія стравы ты марыў? Я, напрыклад, марыла аб тым, што калі выйду на волю, то адразу з’ем штук дваццаць глазураваных сыркоў.

— Ух ты, сыркі — гэта клас! Я таксама іх дужа люблю. У турме я хадзіў у атаварку, набываў каўбасу, прысмакі, садавіну, гародніну. Я вельмі люблю мяса і салодкае. Люблю макароны, бульбу. Які беларус яе не любіць. Люблю марозіва, цукеркі. А не хапала таго, што мама гатуе.

Паштоўка, якую Вольга Гопта даслала на дзень нараджэння сына ў калонію. Фота з сямейнага архіва
Паштоўка, якую Вольга Гопта даслала на дзень нараджэння сына ў калонію. Фота з сямейнага архіва
Паштоўка, якую Вольга Гопта даслала на дзень нараджэння сына ў калонію. Фота з сямейнага архіва
Паштоўка, якую Вольга Гопта даслала на дзень нараджэння сына ў калонію. Фота з сямейнага архіва

«Заўсёды баяўся, каб мяне не пачалі біць»

— У турме ў мяне быў вельмі блізкі сябра, палітычны, які заўсёды мне дапамагаў і заўсёды быў побач. Да яго можна было ў любы час звярнуцца.

Я ўвогуле вельмі шмат палітычных за кратамі сустрэў. Напачатку ў калоніі нам дазвалялі размаўляць, а пасля гэтым дзядзькам у пагонах гэта пачало не падабацца.

У калоніі мне было трошкі лягчэй, чым у СІЗА.

Я не магу сказаць, што ў турме мяне занадта крыўдзілі. Хлопцы і ў СІЗА, і ў калоніі ставіліся да мяне добра. Ніхто не штурхаў, не крычаў. А супрацоўнікі — так, грубілі, лаяліся. І я заўсёды баяўся, каб мяне не пачалі біць.

На прагулку ў гомельскім СІЗА мяне выводзілі ў кайданках. Аднойчы жанчына ў пагонах надзела на мяне кайданкі і сказала, што я тэрарыст.

Калі мяне этапавалі, то таксама надзелі кайданкі. Мне было вельмі страшна. Было страшна прасіцца ў туалет, бо гэтыя людзі былі з сабакамі, а за спінай ва ўсіх былі дубінкі. Я не ведаў, куды мяне вязуць, што са мной будзе і ўвогуле што прынясе наступны дзень.

— Дзіма, ведаю, што табе шмат пісалі, у тым ліку і мае сябры. Ці атрымліваў ты лісты ад незнаёмых людзей?

— Мне вельмі шмат лістоў прыходзіла, я заўсёды дужа радаваўся! Але так было не заўсёды. Пазней мне пачалі аддаваць зусім мала лістоў.

— А ці была ў цябе магчымасць сустрэцца з мамай? Ці не забаранялі табе атрымліваць пасылкі?

— З мамай у мяне былі толькі кароткія спатканні.

Доўгатэрміновыя мне не давалі. Пасылкі ўвесь час атрымліваў, мама сама ўсё прывозіла ў калонію. Усё такое смачнае і свежае!

— Калі я прыязджала да Дзімы ў калонію, то заўсёды старалася і выглядаць добра і трымацца. Разумела, што, калі раскісну і ён гэта заўважыць, яму маральна будзе вельмі цяжка, — дадае спадарыня Вольга. — І калі ён тэлефанаваў, я заўсёды трымалася бадзёра, увесь час казала, як мы яго любім і чакаем.

Дзмітрый Гопта з валанцёркай за мяжой. Красавік 2023 года. Фота: Facebook Іллі Міронава
Дзмітрый Гопта з валанцёркай за мяжой. Красавік 2023 года. Фота: Facebook Іллі Міронава

Пра веру, малітвы і планы

— Дзіма, а ці змушалі цябе ў калоніі працаваць?

— Так, я працаваў. На швейцы. Абразаў там ніткі. Калі б я адмовіўся, то мне б далі «суткі».

— А што ты рабіў у вольны час?

— Хадзіў у бібліятэку, можна было і на стадыён схадзіць. Там турнікі і брусы былі.

У калоніі была царква, я хадзіў і туды. Я веру ў Бога.

— А пра што ты просіш Бога, калі молішся?

— Я прашу, каб з маімі бацькамі ўсё было добра, каб яны не хварэлі.

— Як у цябе там было са здароўем? Ці хварэў ты? Ці прымаў цябе ўрач, калі ты адчуваў, што табе нядобра?

— Са здароўем у мяне там было не вельмі. Я згубіў шмат вагі. У мяне моцна балелі зубы. Напярэдадні вызвалення я лячыў іх у калоніі. І пасля вызвалення, у Літве: два зубы мне ўвогуле выдалілі, а шэсць залячылі.

Яшчэ памятаю, што я ўвесь час замярзаў там. Неяк папрасіў матулю перадаць мне цёплы швэдар, дык мне не дазволілі яго мець.

— А як ты цяпер сябе адчуваеш?

— Лепей за ўсіх. Толькі што руку вось зламаў нядаўна: паслізнуўся, калі бег за аўтобусам. Мне нават гіпс накладалі. Але цяпер усё добра.

— Дык Дзіма нават не данасіў яго да канца. Прыходжу неяк з працы, а ён кажа: «Мама, толькі не сварыся, але я зняў гіпс, бо мне было горача», — з усмешкай дадае матуля былога палітвязня.

Напрыканцы размовы Дзіма прызнаецца, што вельмі хоча наведаць і іншыя краіны, павандраваць.

— А куды паедзеш найперш?

— У Швейцарыю, — без ваганняў кажа Дзіма. — А яшчэ я хачу завесці сабаку. Пакуль што не ведаю, праўда, вялікага ці малога. Ну, і, канешне, трэба маму запытацца наконт гэтага.

Дзмітрый Гопта быў затрыманы 5 лютага 2021 года, яму тады быў 21 год. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у Жлобіне 9−10 жніўня 2020-га па арт. 342 КК аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і арт. 364 КК аб гвалце ў дачыненні да міліцыянта.

На судзе хлопец, як параіў дзяржаўны адвакат, цалкам прызнаў сваю віну — сказаў, што кінуў адзін камень у бок міліцыі і ўцёк. Нягледзячы на ​​разумовую адсталасць, суддзя Ірына Прадун прыгаварыла яго да пазбаўлення волі на два гады, бо эксперты далі заключэнне, што хлопец, хаця і мае праблемы з паводзінамі, здольны ўсведамляць свае дзеянні.

Увесь тэрмін зняволення Дзмітрыя яго маці Вольга Гопта змагалася за вызваленне сына, з яе дапамогай ён падаваў прашэнне аб памілаванні. Але ў пачатку 2022 года жанчына паведаміла, што ў памілаванні было адмоўлена. Таксама хлопец не патрапіў і пад амністыю летась, нягледзячы на ​​тое, што яго ўключаў у свае спісы Юры Васкрасенскі, які, як ён сам запэўніваў, па даручэнні Лукашэнкі рыхтаваў спісы на амністыю. У кастрычніку 2022 года МУС уключыла Гопту ў пералік «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Хлопец адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 3 «Віцьба» пад Віцебскам. Па словах яго маці, нават да канца тэрміна ён так і не разумеў, за што сядзіць. Ён вызваліўся 31 снежня 2022 года і разам з маці з’ехаў з краіны.