У лютым 2024 года ўлады Беларусі працягвалі пераследаваць удзельнікаў пратэстаў 2020 года і ўсіх, хто не згодны з палітыкай дзяржавы. Колькасць палітычна матываваных крымінальных прысудаў з восені 2020 года вырасла да 4690, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У мінулым месяцы праваабаронцы зафіксавалі не менш за 625 выпадкаў рэпрэсій — судоў і затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам. Суды разгледзелі не менш за 548 адміністрацыйных справаў, прызначылі прынамсі 95 арыштаў, 84 штрафы, тройчы — грамадскія працы.
У прыватнасці, больш за 100 чалавек — палітвязняў і іх блізкіх — былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку за атрыманне прадуктовай дапамогі.
На канец лютага ў Беларусі налічвалася 1410 палітвязняў, у тым ліку 170 жанчын. За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 33 чалавекі.
Усяго валанцёрам вядома пра больш чым 4690 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах з восені 2020 года.