Мужчыны ахвотней дзеляцца з журналістамі падрабязнасцямі інтымнага жыцця за кратамі. Сёлета экс-палітвязень падрабязна расказваў пра гэта выданню MOST, крыху раней прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, а потым і блогер Аляксандр Івулін згадвалі пра свой досвед на канале «Жизнь-малина». Але ці ёсць сэксуальнае жаданне ў жанчын, якія трапляюць у калонію, і як яны яго задавальняюць? «Люстэрка» задалося гэтым пытаннем — мы абмеркавалі яго з палітзняволенымі, якія выйшлі на волю.
Што пра сэкс за кратамі казалі мужчыны
Яшчэ да таго, як на волю пачалі масава выходзіць палітвязні, асуджаныя за падзеі 2020 года, на тэму сэксу ў калоніі выказваўся прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, якому прызначылі пяць гадоў за нявыплату падаткаў (віны ён не прызнае). З таго часу 33 месяцы Кныровіч прабыў у калоніі «Віцьба» — цяпер, паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», там знаходзіцца больш чым сотня палітвязняў.
— Калі замкнуць 1600 мужчын у адным месцы, а частка з іх вельмі маладога ўзросту з вельмі высокім гарманальным фонам і частка з іх яшчэ і без галавы, то, натуральна, гэтыя выпадкі [гомасэксуальнага палавога кантакту] мусяць быць. Куды ты ад гэтага падзенешся, — казаў ён у шоу «Жизнь-малина». — Людзі выходзяць з сітуацыі адсутнасці сэксу па-рознаму. У кожным з інтэрнатаў ёсць асобны пакойчык, і ўсе ведаюць, для чаго ён прызначаны. Не думаю, што ён будаваўся для гэтых патрэбаў: там яшчэ інвентар усякі, увогуле, гаспадарчы пакой. У нашым выпадку на ім яшчэ была спецыяльная налепка, якая пазначала, што не трэба тузаць ручку ў гэты момант.
У красавіку 2023-га блогер Аляксандр Івулін, вызваліўшыся пасля двух гадоў пазбаўлення волі паводле «народнага» 342-га артыкула КК, расказваў таму ж каналу, што пражыць так шмат часу без сэксу — гэта цяжка.
— Для разумення: прыбіральні ў СІЗА і калоніі адрозніваюцца. На Валадарцы нават шторкі ёсць, і можна рабіць свае справы, уключаеш ваду — нібы ўсё супер. У Баранавічах не было штор, але была досыць высокая «браня» (агароджа. — Заўв. рэд.). Але там і камера стаіць, то-бок відаць, што ты робіш. На зоне кабінкі адкрытыя, — успамінаў Івулін. — Былі так званыя крайнія кабінкі — вось там ты мог без наступстваў задаволіць сваю [сэксуальную] патрэбу. <…> На прамзоне быў такі туалет, чырвоны. Усе ведалі, што там робяць, бо там было вельмі шмат фатаграфій.
Пра фотаздымкі казаў выданню MOST Васіль (імя змененае), які прабыў у турме Гродна больш за год. Там знаходзіцца некалькі дзясяткаў палітвязняў.
— Як зняволеным удаецца здабыць плакаты з аголенымі дзяўчатамі — гэта асобная гісторыя, — казаў мужчына. — Палітычным зняволеным у беларускіх турмах з 2020 года практычна нічога нельга выпісваць. Таму мы звяртаемся па гэтых пытаннях да крытчыкаў. Крытчыкі — гэта тыя зэкі, якім можна ў турме ўсё.
Паводле Васіля, мастурбацыя — самы папулярны спосаб задавальнення сэксуальных патрэбаў за кратамі. Робяць гэта проста ў прыбіральні камеры, дзе сядзіць да 10 чалавек, і, як правіла, у пэўны дзень, з якім згодныя ўсе. Адасобіцца дапамагае «ветразь» — самаробная шторка з пакетаў.
А вось як гэта адбываецца ў жанчын: мастурбацыя начамі і «спатканні» ў прыбіральні
Ксенію (імя змененае) асудзілі на два гады пазбаўлення волі па «народным» 342-м артыкуле КК. Жанчыну судзілі адносна хутка пасля затрымання, таму практычна ўвесь гэты час яна прабыла ў калоніі.
За гэты тэрмін Ксенія размаўляла з многімі жанчынамі-зняволенымі і ва ўсіх заўважала рознае стаўленне да сэксу. Напрыклад, адна з іх, нягледзячы на тое, што сядзела ўжо доўга, казала, што ў яе няма патрэбы ў інтымнай блізкасці і разрадцы — «нібыта блок паставілі». Пры гэтым сядзела жанчына не па палітычным артыкуле, а за махлярства — Ксенія кажа, што на ўспрыманне жыцця за кратамі прычына, з якой ты там апынаешся, не ўплывае.
— Хутчэй, гэта залежыць ад тэмпераменту: хтосьці ставіць такі блок — і ўсё, займаецца іншымі справамі. У кагосьці жаданне больш моцнае — тады даводзіцца задавальняць сябе нейкімі спосабамі. А бывае так, што дзяўчына была ўсё жыццё бісэксуальная, але яшчэ не раскрыла ў сабе гэтага. Трапіўшы ў такое атачэнне, яна пачынае па-іншаму глядзець на рэчы і разумее, што ў яе ёсць цяга да свайго полу. Тады гэта становіцца відавочным усім — тут складана нешта з сабой зрабіць, — лічыць Ксенія.
Сувязі паміж жанчынамі, са словаў суразмоўніцы, у калоніі «забароненыя, але, так скажам, распаўсюджаныя». Супрацоўнікі спыняюць такое адразу: за гэта можна атрымаць рапарт і нават трапіць у ШІЗА.
— Нягледзячы на гэта, жанчыны знаходзяць месцы і неяк змудраюцца хавацца: і на фабрыцы [падчас працы], і ў атрадах… — успамінае Ксенія. — Ведаю выпадкі, калі ўначы дамаўляліся сустрэцца ў прыбіральні, напрыклад, — так праходзяць «спатканні». Не адзін раз чула ад іншых дзяўчат, што хтосьці спіць побач — на «двухспальных» ложках, якія стаяць ушчыльную, дзяўчаты таксама начамі знаходзяць суцяшэнне адна ў адной.
Тое самае апісвала Алана Гебрэмарыям, якой прыўначылі 2,5 года пазбаўлення волі па «справе студэнтаў», у нядаўнім інтэрв'ю YouTube-каналу «Жизнь-малина»:
— Намінальна зняволеныя ляжаць на сваіх месцах, але пачынае цямнець — святло выключаецца, [накрываюцца] коўдрай, і там ужо рабіце што хочаце, пакуль вас не здадуць. Вядома, хтосьці здасць, — упэўненая экс-палітзняволеная. — Але гэта пытанне аператыўніка (мабыць, Гебрэмарыям мела на ўвазе ахоўніка. — Заўв. рэд.): рэагуе ён на такое ці не. Ёсць атрады, дзе супрацоўнікі закрываюць вочы.
Некаторыя жанчыны ў калоніі «жывуць поўным жыццём», казала Гебрэмарыям. І адзначыла, што для асуджаных па палітычных артыкулах «такія штукі» немагчымыя ў прынцыпе: рамантычныя адносіны паміж зняволенымі забароненыя правіламі, а іх парушэнне дае супрацоўнікам калоніі магчымасць падоўжыць парушальніцам іх тэрмін.
— Але чаму мужчынам, калі верыць іх аповедам, хапае мастурбацыі для самазадавальнення, а практычна ўсе жанчыны, якія прайшлі праз калонію, кажуць менавіта пра аднаполыя адносіны? — пытаем Ксенію.
— Магчыма, у мужчын гомасэксуальнасць — больш балючая тэма? І таму яны не хочуць расказваць, што ў іх з’яўляецца цяга да іншых мужчын? — дапускае суразмоўніца. — Тут жа яшчэ такая рэч: усё залежыць ад таго, што ты можаш і хочаш расказаць журналістам, ды і любому іншаму чалавеку, пра сябе.
Суразмоўніца чула і сама, і ад іншых, як дзяўчаты задавальняюць самі сябе ноччу. Гукі і адчуванні «не самыя прыемныя», асабліва калі чалавек ляжыць побач. Сама Ксенія сэксуальнае жаданне не задавальняла, але прызнаецца, што ёй таксама «гэта было неабходна».
— Даць мне гэтага, праўда, ніхто не мог. За ўвесь час у калоніі да мяне на спатканне прыязджалі толькі сваякі, і тое ненадоўга, — кажа былая палітзняволеная.
Калонія «адбіла» жаданне займацца сэксам нават пасля вызвалення
Па 342-м артыкуле была асуджаная і Алена (імя змененае). Яна акурат з тых людзей, у якіх у калоніі быў блок на думкі пра сэкс. Як кажа экс-палітзняволеная, ён быў апошнім, пра што там думаеш, у сілу антысанітарыі і рэпрэсій: у калоніі ёсць ВІЧ-інфікаваныя, таму жаданне партнёркі адышло на задні план. Да затрымання Алена была бісэксуальная, але там, паводле яе словаў, дастаткова было рэдкай мастурбацыі, а да жанчын з’явілася агіда.
Суразмоўніца прызнаецца, што да адбыцця тэрміну яна была «чалавекам, для якога сэкс быў штодзённай рэгулярнай неабходнасцю — такой самай, як ежа». Але праз перажыты досвед такая патрэба перастала быць вострай нават пасля вызвалення.
— Цяпер я займаюся з сэксолагам. Ён кажа, што, калі я сустрэну свайго чалавека, усё вернецца ў ранейшае рэчышча. Аднак каштоўнасць таемства сэксу для мяне ўзрасла: раней мне былі важныя разнастайнасць і яркасць, цяпер важней мець прыдатнага партнёра побач, — кажа Алена.
Яна таксама пацвярджае, што ў калоніі вельмі распаўсюджаныя аднаполыя адносіны. Але не папасціся на гэтым адміністрацыі калоніі вельмі цяжка.
— Ёсць жанчыны, якіх называюць «кабёл», — яны граюць ролю мужчыны: заляцаюцца і клапоцяцца пра сваю выбранніцу, прыносяць ім дадатковыя порцыі ежы або дзеляцца перадачай, — апісвае Алена. — Адміністрацыя выяўляе такіх жанчын, схільных да аднаполага кахання, і рознымі спосабамі выкарыстоўвае гэта. Пад каўпаком супрацоўнікаў яны выконваюць усё, што ім загадваюць, бо іх запалохваюць тым, што цяпер на іх «ёсць кампраматы», і ціскам на партнёрку.
Нашая суразмоўніца заўважыла, што яшчэ ў СІЗА яе ўразіла, як некаторыя жанчыны рэгулярна ганяць мужчын, называючы іх усіх «казламі», «здраднікамі» і іншымі падобнымі словамі.
— Самае дзіўнае, што такое сустракалася і сярод палітзняволеных, — кажа Алена. — Мне было гэта незразумела, і я адчувала сябе там белай варонай, бо ў мяне ў цэлым быў станоўчы досвед з мужчынамі. Я не разумела, чаму жанчыны так ставяцца да мужчын — асабліва да сваіх, з якімі пражылі некалькі гадоў.
Ксенія ж сказала «Люстэрку», што з такім феноменам не сутыкалася.
«Калі думаю пра адносіны з супрацоўнікамі калоніі, мяне аж калаціць пачынае»
Фізічны кантакт — не адзінае выйсце для тых, хто сумуе па блізкасці. Напрыклад, у СІЗА распаўсюджаныя «малявы» — запіскі, якія зняволеныя пішуць адно аднаму і перадаюць з камеры ў камеру. Для любоўных перапісак паміж мужчынамі і жанчынамі метад таксама актыўна выкарыстоўваўся — пра гэта расказвае Ксенія.
— Вось гэта каханне было! У смешным сэнсе, — удакладняе суразмоўніца. — Бо там такія жарсці былі, проста кашмар. І фатаграфіі адно аднаму перасылаюць, чаго толькі не робяць. Людзі просяць родных даслаць свае фатаграфіі і потым адпраўляюць іх суседзям па ізалятары.
І ў жаночай калоніі, і ў СІЗА са зняволенымі жанчынамі працуюць не толькі супрацоўніцы, але і супрацоўнікі. Ксенія кажа, што бачыла, як «дзяўчаты стралялі вочкамі ў бок прадольных» (то-бок дзяжурных па калідоры, дзе размешчаныя камеры).
— Часам яны нават адказваюць нейкім словам. Але мне здаецца, што гэта ўсё робіцца ад таго, што жанчынам не хапае ўвагі, — разважае суразмоўніца. — У калоніі ўжо, калі шчыра, не задумвалася пра гэта. Магчыма, таму і не назірала нічога такога. Але я не ўяўляю, якія могуць быць адносіны паміж зняволенымі і супрацоўнікамі калоніі. Гэтыя людзі трымалі і трымаюць у страху тысячы беларусак — якія адносіны? Калі пра гэта думаю, мяне аж калаціць пачынае.
Алена з гэтым меркаваннем салідарная: калонія, як яна кажа, — «пекла і мярзота».
— Было настолькі брыдка, часта да млоснасці, усё гэта назіраць, што ніякія сэксуальныя думкі там не могуць наведваць. У мяне было пастаяннае адчуванне агіды там, — успамінае жанчына.
Чытайце таксама