Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  2. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  3. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  4. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  5. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  6. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие, чтобы дискредитировать Украину. Объясняем, почему
  7. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  8. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  9. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  10. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
Читать по-русски


Увечары 12 студзеня каліновец Аляксандар Клачко з пазыўным Кусь выехаў на ратацыю. Два месяцы ён працаваў на Бахмуцкім напрамку, а апошнія два тыдні — у самім горадзе. У першыя дні свайго невялікага адпачынку Кусь расказаў «Люстэрку», што адбываецца ў адным з самых гарачых пунктаў украінскага фронту, у якіх умовах жывуць салдаты, як ваююць расіяне і ці змогуць яны захапіць гэты ўчастак.

Александр Клочко с позывным Кусь на войне в Украине. Фото из соцсетей калиновца
Аляксандр Клачко з пазыўным Кусь на вайне ва Украіне. Фота з сацсетак каліноўца

Аляксандру Клачко 38 гадоў. Ураджэнец Баранавічаў, па адукацыі эканаміст, працаваў на будоўлі, чыгунцы грузчыкам, кладаўшчыком, інжынерам і эколагам. Ва Украіне ён з пачатку сакавіка 2022-га. У канцы чэрвеня на некалькі месяцаў з’язджаў у Літву, дзе жыў пасля ад’езду з Беларусі. У пачатку кастрычніка Кусь зноў вярнуўся на фронт. Ён служыць у ракетна-артылерыйскім падраздзяленні.

«Я звычайна бываю на „нулі“, гэта дзесьці ад ста метраў да кіламетра да пазіцый рускіх»

— Ведаеце, заехалі ў Кіеў, я пабраціму кажу: «Я чакаў, што горад будзе такі сонечны, яркі, насычаны, а ён нейкі шэры, у брудным снезе. Неяк ён мяне расчараваў! Я ўжо да Бахмута прывык, мне здаецца, там нашмат прыгажэй, нават у тым стане, у якім ён цяпер». Нейкія незвычайныя асацыяцыі ў мяне ў першыя дні, — смяецца ў пачатку гутаркі Кусь. — Калі я ўпершыню прыехаў у Бахмут, я не ведаў, дзе пазіцыі рускіх, дзе нашыя, якая геаграфія горада, якая зброя выкарыстоўваецца. Усё было чужым, варожым. Як асвоіўся, адчуваю сябе больш упэўнена, магу праехаць куды трэба, ведаю, чаго баяцца. Цяпер я з’язджаў адтуль як з сваіх родных Баранавічаў!

Па гэтых словах беларуса нават не скажаш, што ён прыехаў з самага складанага кірунку фронту ва Украіне (пра цяжкую абстаноўку ён раскажа пазней). У першы дзень ратацыі баец бадзёры, цалкам занураны ў справы і пасля ночы ў дарозе нават не паспеў паспаць. Хоць кажа, што вельмі хацелася нармальна адпачыць:

— На фронце неяк па-іншаму ідзе час. Ты не ведаеш, які сёння дзень тыдня, колькі наогул дзён прайшло. І гэты цяперашні Бахмут мяне вельмі стаміў. За ўвесь час, што я быў на вайне, ніколі не стамляўся. Мы працавалі амаль кожны дзень, рэдка кудысьці не выязджалі. Ты заўсёды заняты, свабодных хвілін практычна не было.

Воронки в полях на востоке Бахмута Донецкой области, 7 января 2023 года. Фото: Reuters / Maxar Technologies
Варонкі ў палях на ўсходзе Бахмута Данецкай вобласці, 7 студзеня 2023 года. Фота: Reuters / Maxar Technologies

Падрабязнасцяў пра задачы і ўзбраенне, з якім цяпер працуюць беларусы пад Бахмутам, Кусь пакуль расказаць не можа, як і апісваць дэталёва падзеі ў гэтым месцы фронту. Вайскоўцы нейкі час гэтага не робяць, каб інфармацыя не даходзіла да ворага і не дапамагала карэктаваць дзеянні. Ён толькі кажа, што ціха ў горадзе не бывае:

— Мне як байцу складана бачыць агульную карціну баёў, але такога, каб там было ціха, за апошнія два месяцы не здаралася. У любы момант можа нешта прыляцець: міны, танкавыя снарады. Калі знаходзішся там, пастаянна чуеш працу артылерыі, кожныя пяць хвілін — нейкі стрэл. Па нас страляюць танкі — мы іх не бачым, але гэта вельмі гучныя стрэлы. Мінамёты працуюць, само сабой, дроны карэктуюць наводку. Ідзе радыёэлектронная барацьба — сродкі глушэння сувязі, праз якія мы можам страціць свае дроны, а яны вельмі дапамагаюць на вайне — можна вельмі дакладна наводзіць агонь, весці разведку варожых пазіцый. Час ад часу на ўскраінах або «на нулі» (гэта лінія паміж пазіцыямі Украіны і Расіі) чуваць стралковыя баі. І гэта самы небяспечны від бою, таму што ты знаходзішся недалёка ад праціўніка, вы страляеце адно па адным, па табе могуць кідаць гранаты. Але з гэтым сутыкаюцца іншыя нашыя байцы.

Аддзяленне Куся займаецца ў тым ліку здушэннем актыўнасці праціўніка, каб ускладніць яму вядзенне агню. Пра пазіцыі, на якіх знаходзяцца байцы, беларусу таксама расказваць нельга. Ён апісвае дыстанцыю да ворага.

— Я звычайна бываю на «нулі». Мы працуем у зоне дасяжнасці нашай зброі — напрыклад, супрацьтанкавага ракетнага комплексу (ПТРК) «Мілан». Да рускіх пазіцый гэта дзесьці ад ста метраў да кіламетра. У мінулы чацвер (12 студзеня. — Заўв. рэд.) я там быў, недзе метраў за 500. Мы выконвалі аперацыю і выйшлі наперад за ўкраінскія пазіцыі. У такіх пунктах кожную хвіліну чакаеш, што ў цябе паляцяць кулі, аўтаматныя або кулямётныя чэргі або спрацуе снайпер, які дзесьці схаваўся.

Ёсць у нас хлопцы, на якіх я гляджу як на паўбагоў (смяецца). Яны ходзяць за «нуль» — на «мінус «(так вайскоўцы называюць тэрыторыі праціўніка. — Заўв. рэд.), штурмуюць расійскія пазіцыі. Можа, калі б трэба было, я б і сам пайшоў туды, але ў гэтым плане неяк стаў асцярожнейшы. Нядаўна шмат нашых былі параненыя, вось асноўная маса — гэта такія хлопцы. І, я лічу, яшчэ вельмі пашанцавала, што ўсё скончылася толькі раненнямі.

«Там мясарубка, і рускіх гіне ў разы больш»

Баі за Бахмут ідуць са жніўня. Аляксандр расказвае, што «барацьба пастаянная і інтэнсіўная», хоць глабальна сітуацыя практычна не мяняецца які ўжо месяц.

— Я Бахмут бачыў так: пастаянныя атакі рускіх і контратакі ўкраінцаў час ад часу. Напрыклад, захоплены дом, падвальчык нейкі, акоп у лесе — спачатку рускія ўзялі, потым адбілі ўкраінцы, потым зноў рускія ўзялі і ўкраінцы адбілі. То-бок там такая пастаянная інтэнсіўная барацьба. У глабальным маштабе гэта нічога не вырашае, але кожны дзень там гінуць людзі, — тлумачыць каліновец.

Кусь лічыць, што расійскае камандаванне менш беражэ салдат і часцей кідае іх у бой. На яго думку, «рускія проста закідваюць пазіцыі».

— Пайшла адна хваля — яе адбілі, кагосьці забілі, кагосьці паранілі. Другая пайшла праз нейкі час — адбілі. Трэцяя — захапілі нейкую траншэйку ўкраінскую. І я б не хацеў быць на месцы рускага салдата пад Бахмутам — іх проста кідаюць у гэтыя жорны вайны. Украінскае камандаванне, як на мяне, больш шануе жыцці сваіх вайскоўцаў, — тлумачыць мужчына. — Па маіх адчуваннях, там сапраўды мясарубка, і вельмі шмат людзей гіне з двух бакоў, але, думаю, рускіх — у разы больш. Таму што ў боку, які атакуе, страты заўсёды нашмат вышэйшыя, чым у таго, што абараняецца. Гэта звычайная статыстыка.

Местные жители стоят во дворе своего разрушенного жилого дома в Бахмуте, Украина, 9 декабря 2022 года. Фото: Reuters
Мясцовыя жыхары ў двары свайго разбуранага дома ў Бахмуце, Украіна, 9 снежня 2022 года. Фота: Reuters

Цывільныя ў горадзе таксама гінуць. Цяпер у Бахмуце, які абстрэльваюць і разбураюць, застаецца каля дзесяці тысяч жыхароў.

— Неяк на задачы мы зайшлі ў прыватны дом, гэта літаральна за кіламетр ад пазіцый рускіх, — і там жывуць муж з жонкай! Куча катоў у іх на ганку сядзіць, пара сабак бегае, іх таксама падкормліваюць. Мяне гэта моцна здзівіла! — эмацыйна кажа Кусь. — Над імі лётаюць міны, вакол стрэлы чуваць. А далей, убаку ад рускіх, нават ёсць нейкі гандаль, блышыныя рынкі, нехта ў чэргі па гуманітарку ці яшчэ нешта стаіць. Думаеш: Божа, як вы тут жывяце?

Сам вайсковец кажа, што начаваць даводзілася і ў бліндажах, і ў падвалах будынкаў. Але ён на ўмовы на пазіцыях не скардзіцца і кажа, што беларускім добраахвотнікам лягчэй, чым украінскім салдатам.

— Неяк я трохі абмарозіў палец, калі начавалі ў акопе, хоць і заўважыў, можа, праз тыдзень. А сухі склеп з больш-менш адэкватнай тэмпературай — хаця б +10, а не мінусовай — на вайне гэта ўжо добрыя ўмовы! Ведаеце, я некалі ў дзяцінстве глядзеў на бяздомных, думаў: «Божа, ён палез у падвал! Фу, такі-сякі». Цяпер, я вам скажу, часам падвал — такое ўтульнае месца, што проста не перадаць словамі! (смяецца) Катэгорыі камфорту на вайне зусім іншыя. Не ў вадзе спіш, ёсць нешта зверху, збоку сцяна акопа, і гэта цябе абароніць ад міны — ужо выдатна, каб пераначаваць. Тут на першым плане — выжыванне, бяспека.

Але ўсё ж такі з украінцамі, якія на «нулі» ў акопах трымаюць абарону, я б не параўноўваў. Я разумею, што яны грамадзяне сваёй краіны і абавязаныя там быць. Не быў на іх месцы, але і не хацеў бы апынуцца ў гэтым акопе, калі на дварэ -15 °C, да цябе ноччу падкрадваюцца рускія, якія хочуць цябе забіць… І так кожны дзень. Людзі могуць сядзець там тыднямі, месяцамі. Не ўяўляю, у якім яны псіхалагічным стане. Але, думаю, гэта вельмі цяжка, і для мяне гэта прыклад чалавечай стойкасці.

Александр Клочко с позывным Кусь на войне в Украине. Фото из соцсетей калиновца
Аляксандр Клачко на вайне ва Украіне. Фота з сацсетак каліноўца

Пра сваю службу Кусь гаворыць будзённа. Нібыта усе цяпер так жывуць. Ён захапляецца сваімі пабрацімамі нават не адразу ўспамінае, што яго жыццю там таксама пастаянна пагражала небяспека:

— Па нашых хлопцах прылятала — некалькі чалавек нават атрымалі кантузіі. А калі браць мяне, блізкіх прылётаў не было. Снарад разрываўся на такой адлегласці, што даляталі толькі аскепкі, а дзякуючы бронекамізэльцы, касцы яны не паранілі б моцна…

Але наогул у Бахмуце можна загінуць кожны дзень, а камусьці — і два разы за дзень (смяецца). Я пакуль не магу ўсю гісторыю расказваць, але быў неяк вельмі блізкі прылёт, і толькі нейкай удачай ніхто з нас моцна не пацярпеў. Звычайна, калі пралятае снарад ці міна, ты гэта чуеш. А тут не было ні свісту, ні разрыву нейкага. Проста я нібыта бачу адну карцінку, а праз тры секунды ўжо знаходжуся ў іншым месцы, метры за тры адтуль, усё вакол у пыле, і я толькі пачынаю ўсведамляць, што, напэўна, нешта прыляцела.

«Пуцін хацеў бы ўзяць горад да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны»

Беларус кажа, што за апошнія месяцы пачаў адчуваць сябе на фронце па-іншаму, сур’ёзней ставіцца да небяспек:

— Вайна — гэта розныя цяжкасці: і фізічныя, і маральныя, і страх, што ў цябе нешта не атрымаецца, і разважанні, як падысці да ворага і не злавіць кулю. Эмоцый, перажыванняў, думак вельмі шмат, нават не ведаю, як гэта перадаць.

Але калі браць тое ж Лазовае (пасёлак на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. — Заўв. рэд.)… Канец траўня 2022 года, мой першы баявы досвед, першая аперацыя. Мне там было цікава абсалютна ўсё і падабалася, як я адчуваю сябе пад абстрэламі.

А цяпер адчуваю, што стаў асцярожнейшы ў гэтым сэнсе. Разумею, што такое вайна, што такое баявыя дзеянні. Што гэта ўсё будзе доўжыцца не адзін месяц, а мая канчатковая мэта — трапіць у Беларусь. Для ўкраінца гэта, вядома, вызваленне Украіны, а я хачу вярнуцца дадому. І ўкраінцы не абавязаныя вызваляць нашую краіну, у мяне няма маральнага права іх папракнуць, калі яны не пойдуць — гэта будзе іх рашэнне, яно толькі добраахвотнае. А нам яшчэ трэба ісці туды, і я сябе пачаў берагчы, напэўна.

Александр Клочко с позывным Кусь на войне в Украине. Фото из соцсетей калиновца
Аляксандр Клачко на вайне ва Украіне. Фота з сацсетак каліноўца

Ратацыя ў Куся зойме два тыдні, потым яму трэба вяртацца ў Бахмут. Так будзе, калі сітуацыя там не зменіцца. Баец прызнае, што расіяне паступова могуць узяць украінскі горад.

— Хутчэй за ўсё, яны пастараюцца ўзяць яго ў абцугі і прымусіць украінцаў адступіць, як гэта было з Лісічанскам (3 ліпеня камандаванне УСУ пацвердзіла здачу горада з прычыны перавагі сіл праціўніка і дзеля захавання жыццяў сваіх вайскоўцаў. — Заўв. рэд.). Таму што, калі Бахмут стане паўакружаным, дарога, па якой туды можна падвозіць жывую сілу, тэхніку, боепрыпасы, будзе абстрэльвацца рускімі — утрымліваць яго будзе вельмі цяжка, пойдуць вялікія страты. Думаю, рускія да гэтага імкнуцца. Магчыма, Пуцін хацеў бы ўзяць горад да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны.

Але мне здаецца, што тыя ахвяры, якія рускія гатовыя панесці, не вартыя захопу гэтага горада. А я бачу, што, нават калі яны і возьмуць Бахмут, украінцы зробяць усё (і мы ў гэтым будзем ім дапамагаць), каб гэта каштавала Расіі вельмі дорага. Каб гэтая тактычная перамога, калі яна здарыцца, праз несувымернасць цаны, якую яны плацяць, у выніку аказалася іх пройгрышам у вайне.