На папулярным сэрвісе для аўкцыёнаў Ay.by выставілі на продаж сукенкі і плашч, якія прадаваліся ў СССР у 1950-я гады. Самі рэчы амаль нічым не вылучаюцца, але можа здзівіць пастаўленая прадаўцом цана — ад 30 тысяч рублёў за адзінку.
Жыхарка Гомельскай вобласці прадае мужчынскі шэры плашч у «выдатным стане», выраблены ў 1950-х гадах. Кошт — 30 тысяч рублёў. Гэта даражэй за люксавае адзенне ад вядомых сусветных брэндаў. Напрыклад, плашч ад Emporio Armani можна купіць менш чым за 2,3 тысячы рублёў, а ад брэнда BOSS — каля 3,4 тыс. Такая цана параўнальная хіба што з рарытэтнымі мадэлямі Chanel.
Аўкцыён будзе закрыты 7 студзеня. Хоць мала шанцаў, што такі прадмет савецкай раскошы хтосьці купіць: мяркуючы з каментароў, яго не могуць прадаць з красавіка 2023 года.
Зрэшты, не выключана, што ўладальніца рарытэту пагадзілася б і на ніжэйшую цану. На пытанне аднаго з карыстальнікаў пра рэальны кошт рэчы яна напісала: «Прапануйце».
Як відаць на адным з фота, вытворца адзення — фабрыка «Дружба». Гэта вядомы ў Савецкім Саюзе «брэнд» — так маркіравалася адзенне кітайскіх вытворцаў, якое імпартавалі ў краіны сацлагера.

Карыстальніца выставіла на продаж таксама дзве сукенкі таго ж перыяду. Цана кожнай — 33 тыс. рублёў (спасылкі: 1, 2). У адной з іх стан пазначаны «як новы», у другой — «выдатны».

Чытайце таксама


