Намеснік Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі падаў у адстаўку. Пра гэта ён напісаў у Facebook.
«Сёння я прымаю рашэнне пра складанне з сябе абавязкаў намесніка кіраўніка і прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэтым кірунку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі», — напісаў Кавалеўскі.
Ён адзначыў, што многае зрабіў за 3,5 гады працы ў Офісе Ціханоўскай і падзякаваў ёй за «давер і плённае супрацоўніцтва».
«Перакананы, што міжнародная дзейнасць павінная быць толькі дадаткам да працы па дасягненні змяненняў у Беларусі. Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнесам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадскімі ініцыятывамі — найскладанейшы, але і самы абгрунтаваны і перспектыўны шлях дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, устанаўлення канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання. Жыве Беларусь!» — падсумаваў ён сваё паведамленне.
Валерый Кавалеўскі — экс-дыпламат. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, бізнес-школу ІПМ, потым — магістратуру Джорджтаўнскага ўніверсітэта. Працаваў у беларускім МЗС з 1998-га да 2006 года. Пасля адыходу з ведамства працаваў у прыватным бізнесе, потым стаў кансультантам Сусветнага банка. У 2010-м Валерыя Кавалеўскага арыштоўвалі за падтрымку апазіцыі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўдзельнічаў у пратэстах, быў затрыманы на адным з маршаў і прабыў у ізалятары на Акрэсціна двое сутак. У снежні 2020-га Кавалеўскі сышоў з Сусветнага банка і пачаў працаваць у Офісе Святланы Ціханоўскай — прадстаўніком па міжнародных справах, а потым кіраўніком Кабінета прадстаўнікоў у камандзе Ціханоўскай. 9 жніўня 2022 года быў прызначаны Святланай Ціханоўскай намеснікам кіраўніка і прадстаўніком па міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.