Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю «Рэчыца», якая належала прыватнай кампаніі з брытанскім капіталам «Солар Лэнд». Гэта вынікае з інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда. Да гэтага з фірмы спрабавалі спагнаць больш за 15 млн рублёў, якія дзяржава заплаціла ёй за электраэнергію, а потым вырашыла, што гэтыя пастаўкі былі з парушэннямі.
15 студзеня ў Эканамічным судзе Магілёўскай вобласці разгледзелі справу супраць прыватнай кампаніі «Солар Лэнд» — замоўцы фотаэлектрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне. Пазоў падало Міністэрства энергетыкі, ён датычыў прызнання права ўласнасці.
На сайце Вярхоўнага суда з’явілася рашэнне па гэтым паседжанні. Так, суд вырашыў прызнаць за дзяржавай права ўласнасці на капітальныя будынкі, якія раней належалі прыватнай фірме. У яе таксама адабралі лініі электраперадачы і апоры высакавольтных ліній электраперадачы. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з даўгамі.
З 2022 года гэтая прыватная сонечная электрастанцыя прадавала дзяржаве электраэнергію. Паводле закона электрычнасць, вырабленая за кошт аднаўляльных крыніц энергіі, аплачвалася фірме-вытворцы па павышаным тарыфе. Так, кампанія атрымала ад дзяржавы за свае паслугі амаль 15,8 млн рублёў. Але пасля таго як заканадаўства змянілі і скасавалі павышаныя тарыфы для такой электрычнасці, улады запатрабавалі ад прыватніка вярнуць гэтыя грошы. З гэтага пачаліся доўгія судовыя разборкі, якія сталі адной з прычын банкруцтва фірмы.
Падчас разбіральніцтва ў Эканамічным судзе Магілёўскай вобласці 15 студзеня прызналі несапраўднай дзяржрэгістрацыю і права ўласнасці «Солар Лэнд» на капітальны будынак, які з’яўляецца падстанцыяй «Рэчыца», дзе вырабляецца электраэнергія.
Акрамя адабранай у прыватніка нерухомасці суд пастанавіў спагнаць з яго таксама крыху больш за 413,6 тысячы рублёў дзяржпошліны. Рашэнне суда яшчэ можа быць абскарджанае.
Нагадаем, кампанія «Солар Лэнд» падавала на банкруцтва, аднак Эканамічны суд Мінска ў траўні вярнуў заяву. Гэтая кампанія раней трапіла пад контрсанкцыі Мінска, уладальнікам фірмаў з чорнага спісу забаранілі распараджацца акцыямі.
Пазней стала вядома, што грамадзянін Вялікабрытаніі Кіябод Тутанян Машад, які інвеставаў у «Солар Лэнд», патрабуе ад уладаў Беларусі кампенсаваць яму сотні мільёнаў даляраў. Ён падаў адпаведнае апавяшчэнне пра спрэчку 26 ліпеня 2023 года.
Пазней «Солар Лэнд» закідалі іншымі судовымі пазовамі.
Што вядома пра кампанію «Солар Лэнд»
Паводле звестак сэрвісу «Картатэка», кампанія «Солар Лэнд» была зарэгістраваная ў 2015 годзе для будаўніцтва і эксплуатацыі будучай фотаэлектрычнай станцыі. 100% долі ў ёй належыць брытанскай фірме Сameliaside. Яе, у сваю чаргу, стварылі як праект у зялёнай энергетыцы Беларусі брытанскія інвестыцыйныя кампаніі United Green Group і Altоstarta.
Інвестыцыйная дамова з беларускімі ўладамі на ўзвядзенне найбуйнейшай у краіне ФЭС у Чэрыкаўскім раёне (яе акрэсленая магутнасць — 109 МВт) была падпісаная ў 2014 годзе. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе. У ім узялі ўдзел беларускі і нямецкі падрадчыкі, а абсталяванне было з Кітая. У строй станцыю ўвялі ў верасні 2021 года, а першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі стаў люты мінулага года. Агульная сума інвестыцыйных выдаткаў на праект ацэньвалася ў 170 млн даляраў.
Чытайце таксама


