У Мінску рэкордна знізіліся рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва. Так, у першым квартале гэты паказчык у сталіцы знізіўся на 7,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведамляе Белстат.
Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — адзін з галоўных эканамічных паказчыкаў, паводле якога вызначаецца дабрабыт грамадзян. Гэта грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя да ўзроўню інфляцыі.
У цэлым па краіне рэальныя даходы насельніцтва ў студзені — сакавіку выраслі на 0,3% да аналагічнага перыяду мінулага года. Гэты паказчык упаў толькі ў Мінску — на 7,4%. У абласцях рэальныя даходы ў першым квартале выраслі. Прыкметней за ўсё — у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (5,6% і 5,4% адпаведна).
Рэальныя даходы беларусаў пачалі зніжацца ў некаторых рэгіёнах у першым квартале 2022 года, гэта адбылося ўпершыню за працяглы час. У студзені — сакавіку мінулага года гэты паказчык быў у плюсе толькі ў Мінскай і Гомельскай абласцях (рост складаў сціплыя 0,1% і 0,2% адпаведна), а таксама ў Мінску — на 2,3%. Па выніках першага паўгоддзя, як і ў цэлым па выніках 2022-га, рэальныя даходы былі ў мінусе ўжо ва ўсіх абласцях, а таксама ў Мінску.
У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы ў першым квартале гэтага года займала 63,9%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 7,9%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і інш.) — 23,2%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5%.