У паветранай прасторы Польшчы заўважылі аб’ект, які прыляцеў з боку Беларусі. Пра гэта паведаміла раніцай 13 траўня польскае абароннае ведамства.
Як мяркуецца, неапазнаным аб’ектам быў аэрастат назірання. У ведамстве адзначылі, што радыёлакацыйны кантакт быў страчаны пад Рыпінам — гэта паўночная частка Польшчы, недалёка ад горада Торунь.
«Камандуючы аператыўным штабам прыняў пастанову задзейнічаць дзяжурныя сілы тэрытарыяльнай абароны для пошуку аб’екта», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Польшчы.
Прадстаўнік камандавання тэрытарыяльных войскаў абароны маёр Вітальд Сура расказаў тэлеканалу Polsat, што раніцай у згаданы раён быў выведзены наземны пошукава-ратавальны атрад 8-й брыгады Куяўска-Паморскай тэрытарыяльнай абароны.