Размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскіх ядзерных ракет стане адказам на санкцыі і да таго ж не супярэчыць дамове пра нераспаўсюд ядзернай зброі, хоць Мінск не атрымае над імі кантроль. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.
— Цягам апошніх двух з паловай гадоў Рэспубліка Беларусь падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску з боку ЗША, Вялікабрытаніі і іх саюзнікаў па NATO, а таксама дзяржаваў — чальцоў Еўрапейскага саюза, — заявілі ў МЗС у адказ на просьбу ТАСС пракаментаваць «гіпертрафаваную рэакцыю» Украіны і Захаду на рашэнне Пуціна пра перакідванне ў Беларусь тактычнай ядзернай зброі.
У МЗС назвалі крытыку гэтага рашэння «прамым і грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, нацэленым на змену геапалітычнага курсу і змяненне ўнутрыпалітычнага ладу Беларусі» і заявілі, што яна супярэчыць абавязанням па Мемарандуме аб гарантыях бяспекі, якія Беларусь атрымала пасля далучэння да Дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі (ДНЯЗ).
Размясціць расійскія ядзерныя ракеты ў Беларусі хочуць у адказ на «аднабаковыя прымусовыя меры ў палітыцы і эканоміцы», якія суправаджаюцца «нарошчваннем на тэрыторыі суседніх краін — чальцоў NATO ваеннага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасці ля нашых межаў».
— Улічваючы названыя абставіны і законныя заклапочанасці і рызыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі, якія з іх вынікаюць, Беларусь робіць вымушаныя крокі ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці, — заявілі ў знешнепалітычным ведамстве.
Пры гэтым там сцвярджаюць, што ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам.
— Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогій, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II ДНЯЗ, — настойваюць у МЗС.
— Акрамя таго, гэта не з’яўляецца навіной у сферы вайсковага супрацоўніцтва няядзернай і ядзернай дзяржаваў, — дадалі дыпламаты, адзначыўшы, што ў NATO даўно існуе практыка «супольных ядзерных місій», а на тэрыторыі еўрапейскіх краін — чальцоў NATO захоўваецца звыш 150 адзінак тактычнай ядзернай зброі ЗША і падрыхтавана больш за 250 самалётаў для іх магчымага ўжывання.
Пад канец МЗС заклікаў да «канструктыўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу», які тычыцца ў тым ліку нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі ў ядзернай сферы.
Нагадаем, 25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што даўно прасіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
Гэтая заява выклікала рэзкую рэакцыю ва Украіне і ЕС.
У сваю чаргу ў Крамлі заявілі, што рэакцыя Захаду не зменіць планы па тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.