Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  2. Беларус попытался обменять в банке настоящие купюры, которые привез из-за границы отец, но везде отказали. Почему?
  3. Аздаравіў за мяжой сотні тысяч дзяцей, але сам памёр ад лейкеміі. Гісторыя чалавека, які ратаваў беларусаў ад наступстваў Чарнобыля
  4. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  5. Гандлёвыя сеткі б'юць трывогу праз недахоп папулярнага прадукту, а чыноўнікі чакаюць магчымага дэфіцыту
  6. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  7. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  8. «Надо рожать: трое, четверо, а лучше — пятеро». Лукашенко рассказал, что надо делать, чтобы в Беларусь не приглашали трудовых мигрантов
  9. Раман Пратасевіч, які не мог знайсці працу, усё ж знайшоў крыніцу заробку
  10. Беларусы ацанілі спробу ўладаў прымусіць іх перастаць абмяркоўваць прыезд пакістанцаў. Атрымалася сумна і трапна
  11. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
  12. «Дарожнымі знакамі абазначацца не будуць». У ДАІ з'явіліся новыя сістэмы фіксацыі — парушальнікі атрымаюць «лісты шчасця»
  13. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
  14. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  15. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
Читать по-русски


27 снежня Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе трох «рэйкавых партызанаў» са Светлагорска — Алега Малчанава, Дзмітрыя Равіча і Дзяніса Дзікуна. Першаму далі 21 год калоніі ўзмоцненага рэжыму, другому — 22, трэцяму — 23. Суд быў закрытым. Паводле агульнадаступнай інфармацыі, мужчыны былі асуджаныя за пашкоджанне рэлейнай шафы на чыгуначнай ветцы, па якой у лютым-сакавіку перапраўлялі расійскую тэхніку і людзей для нападу на Украіну. Не паведамляецца, што ў выніку акцыі светлагорскіх «рэйкавых партызан» пацярпеў або загінуў хто-кольвек, невядома нават, ці нанесеная якая-небудзь шкода рухомаму саставу. Можна меркаваць, што, калі б былі ахвяры, гэта фігуравала б у абвінавачанні — таму можна зрабіць выснову, што ахвяр не было. А прысуды — як за Сталіным. Гэта меркаванне Юрыя Дракахруста.

Юрый Дракахруст

Аглядальнік «Радыё Свабода»

Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Лаўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў за 1996 год. Журналісцкае крэда: не плакаць, не смяяцца, а разумець.

Блог Юрыя Дракахруста на сайце «Радыё Свабода»

Вельмі паказальна, што светлагорцам інкрымінаваўся, акрамя іншых, і артыкул КК «Здрада дзяржаве».

А ў чым заключалася здрада карэнным інтарэсам беларускай дзяржавы? Варта нагадаць, што Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка сфармуляваў, на чым палягае ўдзел Беларусі ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі»:

«Нашая падтрымка заключаецца ў тым, каб заходнія нашыя межы, у дадзеным выпадку з Польшчай і Літвой, не былі парушаныя і не быў нанесены праз Беларусь удар у спіну расійскім войскам. <…> Сёння наш удзел заключаецца ў тым, што мы лечым расіян і ўкраінцаў, кормім расіян і ўкраінцаў і больш за ўсё, у пераважнай большасці, даём прытулак уцекачам з Украіны…

Але мы нікога там не забівалі і забіваць не збіраемся. Нас, па-першае, ніхто не просіць удзельнічаць у гэтай аперацыі, у дадзеным выпадку Расія».

Дык светлагорскія «рэйкавыя партызаны» і не спрыялі ўварванню ў Беларусь польскіх ці літоўскіх войскаў, не перашкаджалі лячыць ці карміць каго б там ні было. Яны толькі перашкаджалі таму, каб расіяне з беларускай зямлі нападалі на ўкраінцаў.

Лукашенко и Путин на встече в Сочи 26 сентября 2022 года. Фото: пресс-служба Кремля
Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы ў Сочы 26 верасня 2022 года. Фота: прэс-служба Крамля

Жахлівы прысуд Гомельскага суда з абвінавачаннем у «здрадзе дзяржаве» — сведчанне таго, што расійскія напады на Украіну з беларускай тэрыторыі — гэта, з пункту гледжання ўлады, карэнны інтарэс беларускай дзяржавы. І што Беларусь удзельнічае ў вайне не толькі абаронай заходняй і паўночнай сваіх межаў, не толькі лячэннем і кармленнем.

Прысуд Дзікуну, Малчанаву і Равічу — адзін з самых суровых, вынесеных у Беларусі па палітычна матываваных абвінавачаннях. На большы тэрмін — на 25 гадоў — быў асуджаны толькі Мікалай Аўтуховіч. Фігуранты іншых справаў аб перашкаджанні расійскаму ваеннаму транзіту па чыгунцы атрымлівалі меншыя тэрміны, чым светлагорцы.

Уяўляецца, што павелічэнне тэрмінаў за аналагічныя дзеянні — частка агульнай тэндэнцыі, якая назіраецца ў апошнія месяцы. Стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, масавая зверка вайсковых дакументаў, рэзкі рост выдаткаў на абарону ў бюджэце на наступны год, унясенне ў КК навацыі пра смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве чыноўнікамі і вайскоўцамі — усё гэта сведчыць пра адно: беларуская ўлада рыхтуецца да яшчэ большага ўцягвання краіны ў вайну, аж да ўступлення ў яе беларускай арміі. І ўзмацненне пакаранняў за перашкоду агрэсіі — у гэтым жа рэчышчы.

Са сказанага не вынікае, што беларускія ўлады лічаць большае ўцягванне краіны ў вайну непазбежным. Але, мяркуючы па ўсім, яны лічаць, што пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі гэта стала больш імаверным, чым да яе. Можна спрачацца наконт таго, наколькі Лукашэнка захоўвае самастойнасць у гэтым пытанні. Нават калі нейкую і захоўвае, то на катэгарычнае «трэба» з Крамля ён не будзе і не зможа запярэчыць. Як у лютым не пярэчыў супраць выкарыстання беларускай тэрыторыі для агрэсіі.

І таму цяпер ён проста рыхтуецца. Па-рознаму, у розных напрамках. У прыватнасці, спрабуючы забяспечыць яшчэ большую пакорлівасць насельніцтва, яшчэ меншую яго здольнасць да найменшага праяўлення незадаволенасці і тым больш нелаяльнасці.

Здавалася б — куды ўжо далей? А ёсць куды. Таму што адпаведныя меры — яны не на цяперашнюю сітуацыю, яны на тую, калі беларусаў пашлюць у бой. І, адпаведна, калі ў Беларусь пойдуць труны, калі, магчыма, у Беларусь паляцяць украінскія ракеты.

Пры гэтым Лукашэнка разумее, што палітычна-псіхалагічны механізм добраахвотнай падтрымкі вайны і гатоўнасці трываць яе нягоды і ў Расіі працуе не надта эфектыўна, а ў Беларусі — пагатоў. Для часткі расіян гэтая вайна — місія іх краіны, адказ на выклік, кінуты Захадам. Беларусаў гэта матывуе вельмі слаба: вайны яны не хочуць, ніякай сваёй місіі ў ёй не адчуваюць, ніякай пагрозы з боку Украіны яны ў большасці не бачаць.

Падтрымлівае Украіну ў гэтай вайне меншасць. Але ўстаноўка большасці — не падтрымка Расіі, а катэгарычнае «гэта не наша вайна».

Ну, а як прымусіць іх усвядоміць, што гэта іх вайна, калі беларускае войска рушыць праз мяжу? Прапагандысцкага майстэрства як Салаўёва і Скабеевай, так і Азаронка і Мукавозчыка для гэтага можа і не хапіць. Прынамсі, за месяцы вайны яго не хапіла для таго, каб пераламаць масавыя антываенныя настроі беларусаў.

Ну дык, а што застаецца? Страх. Каб сваёй улады баяліся больш, чым вайны.

Менавіта ў гэтым заключаецца пасланне, закладзенае ў прысудзе па справе светлагорскіх «рэйкавых партызанаў».

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.