У аўторак, 29 лістапада, у Мінску хаваюць міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. На развітанне з палітыкам прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
Цырымонія праходзіць у Доме афіцэраў. Як падкрэсліла прэс-служба Лукашэнкі, ён прыйшоў туды пешшу з будынка сваёй адміністрацыі, якая знаходзіцца праз дарогу.

Мяркуючы па апублікаваных фота, Лукашэнка з’явіўся на цырымоніі ў самым пачатку. Іншых наведнікаў, акрамя яго, у памяшканні ў гэты момант не было. Палітык прынёс да труны міністра букет цёмна-чырвоных ружаў, вялікі вянок з такіх самых ружаў ад яго імені ўсклалі вайскоўцы.
Пасля цырымоніі развітання Уладзіміра Макея пахаваюць на Усходніх могілках Мінска.
Нагадаем, Уладзімір Макей раптоўна памёр у суботу, 26 лістапада, ва ўзросце 64 гадоў. Дакладная прычына смерці невядомая, паводле паведамленняў некаторых СМІ, у яго здарыліся праблемы з сэрцам. Макей дзясяткі гадоў працаваў на дзяржслужбе і з 2012 года ўзначальваў Міністэрства замежных справаў Беларусі.