Адна з расійскіх ВНУ, сама таго не падазраючы, рассакрэціла асабістыя звесткі малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі — Мікалая. Пра гэта паведамляе «Настоящее время. Беларусь».
Гаворка ідзе пра Іванаўскі дзяржаўны энергетычны ўніверсітэце імя Леніна. У красавіку 2022 года гэтая расійская ВНУ праводзіла міжнародную канферэнцыю, у якой бралі ўдзел і студэнты БДУ, дзе вучыцца малодшы сын Лукашэнкі.
«Тут захоўваюцца персанальныя звесткі Мікалая Лукашэнкі. Захоўваюцца вельмі дрэнна: даведацца іх можа літаральна кожны», — расказалі журналісты.
Яго імя яны заўважылі ў спісе ўдзельнікаў канферэнцыі на сайце ВНУ. Тамсама была ўказаная электронная пошта Мікалая Лукашэнкі.
«Да гэтай пошты прывязаная яшчэ адна (з такім самым нікнэймам, але на іншым паштовым сэрвісе), а яшчэ — беларускі нумар тэлефона з пяццю нулямі ў канцы. Уладальнік гэтага нумара зарэгістраваў некалькі акаўнтаў у інтэрнэце, яго нікнэйм — nik», — расказалі ў «Настоящем времени».
Паводле звестак журналістаў, такі акаўнт ёсць у Telegram, карыстальнік прысутнічае ў праўладнай групе «За Беларусь» у гэтым мэсэнджары.
На застаўцы ў мэсэнджары Viber у карыстальніка з такім нікам — карцінка з відам з вышыні, імаверна, фота зрабілі з верталёта. Журналісты высветлілі, што кадры знятыя пад Мінскам, а за кіламетр ад гэтага месца знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі «Азёрны».
Акрамя таго, чалавек пад нікам nik20121314 зарэгістраваўся на некалькіх адукацыйных сайтах і дзяліўся там сваімі рашэннямі розных заданняў (у той час Мікалай акурат вучыўся ў школе). Карыстальнік з такім нікам быў таксама зарэгістраваны ў Instagram, сярод яго падпісак была патрыятычная старонка victoriiabelarus, але цяпер акаўнт выдалены.
Знайшлі журналісты такі акаўнт і ў Pinterest. Там у яго чатыры падпісчыкі. Магчыма, аднакурсніцы і аднакласніцы.
«Настоящее время» высветліла і тое, што Коля Лукашэнка вельмі любіць камп’ютарныя гульні: «На гульнявой платформе Steam мы знайшлі чалавека з тым самым унікальным нікам, які ніхто больш не выкарыстоўвае ў інтэрнэце, а таксама даведаліся, што Мікалай захапляецца гульнёй у „Сталкер“».
Аўтары сюжэту паспрабавалі патэлефанаваць на нумар, прывязаны да гэтых акаўнтаў, але ім ніхто не адказаў, як, зрэшты, без адказу засталіся і паведамленні ў мэсэнджары Мікалая Лукашэнкі.