Савет міністраў распрацаваў законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Ён уносіць змены ў заканадаўства пра спецыяльныя закрытыя школы і вучылішчы, куды падлеткі ўжо з 11 гадоў могуць трапіць за правапарушэнні і злачынствы. Цяпер дзяржорганам будзе прасцей адправіць туды дзіця, зрабіць гэта змогуць нават бацькі. Расказваем падрабязнасці.
Аптымізацыя структуры
Законапраект уніфікуе тыпы закрытых спецыяльных установаў. Цяпер іх два: навучальна-выхаваўчыя і лекава-выхаваўчыя. Гэтае падзяленне скасоўваецца, усе яны будуць называцца «спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы» (далей — СВУ).
Лекава-выхаваўчыя ўстановы прызначаліся для падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі, псіхатропы, алкаголь і маюць патрэбу ў рэабілітацыі, — цяпер іх будуць адпраўляць у агульныя ўстановы, дзе яны таксама, калі верыць закону, будуць атрымліваць «комплексную рэабілітацыю».
Адпаведныя карэкціроўкі фармулёвак уносяцца ва ўсе кодэксы і законы, пачынаючы ад закона «Аб правах дзіцяці».
Як мяркуецца, такія змены звязаныя з аптымізацыяй установаў: у Беларусі іх усяго чатыры, з іх лекава-выхаваўчая — толькі адна.
Бацькі змогуць здаць «цяжкіх» дзяцей
Цяпер дзіця можа трапіць у спецустанову толькі пасля прысуду ці рашэння суда. Законапраект прапануе гэта змяніць. Падставы для накіравання дзіцяці ў СВУ будуць такімі:
а) паводле прысуду суда пра прымяненне прымусовых мер выхаваўчага характару ў выглядзе змяшчэння ў спецустанову або па рашэнні суда пра змяшчэнне ў СВУ;
б) па заяве бацькоў, апекуноў, папячыцеляў — у выпадку, калі падлетак ужывае наркотыкі, псіхатропы, алкаголь, піва, таксічныя і іншыя рэчывы і гэты факт усталяваны ў адпаведнасці з заканадаўствам.
То-бок бацькі атрымаюць магчымасць па ўласным жаданні адправіць дзіця ў спецшколу — як гаворыцца ў законапраекце, з мэтай рэабілітацыі. Пакуль што зрабіць гэта нават у выпадку з дзецьмі, якія ўжываюць забароненыя рэчывы, могуць толькі дзяржорганы і праз суд, калі падлетак некалькі разоў трапіўся міліцыі, стаіць на ўліку ў наркадыспансеры.
Для гэтага бацькам, апекунам, папячыцелям трэба будзе звярнуцца наўпрост у СВУ і падаць заяву пра арганізацыю комплекснай рэабілітацыі непаўналетняга. Трэба растлумачыць, чаму прынялі такое рашэнне, прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць, што дзіця ўжывала алкаголь ці наркотыкі.
Рашэнне пра залічэнне дзіцяці ва ўстанову яе дырэктар мусіць будзе ўзгадніць з Міністэрствам адукацыі.
Бацькі змогуць пазначыць пажаданы тэрмін, на які аддаюць дзіця. Ён можа скласці ад адной навучальнай чвэрці да каляндарнага года. Пры гэтым бацькі будуць мець права забраць дзіця раней за тэрмін.
Важна, што змясціць сына ці дачку ў закрытую ўстанову бацькі змогуць і на канфідэнцыйнай аснове. Як гэта будзе рэалізавана, з дакумента незразумела.
Пры гэтым законапраект прадугледжвае паасобнае ўтрыманне ў адной установе дзяцей, якіх туды змясцілі бацькі, і тых, хто аказаўся там па рашэнні суда.
Астатнім таксама стане прасцей трапіць у спецшколу
Законапраект прапануе змяніць парадак накіравання дзяцей у спецустановы, пасля чаго змясціць туды цяжкага падлетка стане прасцей.
Так, цяпер адправіць дзіця ў СВУ па рашэнні суда можна, калі ў дачыненні да яго вялося расследаванне пра крымінальнае злачынства, але ў сувязі з недасягненнем узросту адказнасці або адставаннем у развіцці справу не распачыналі або яна была спыненая.
Згодна з законапраектам, нават калі дзіця ў такой сітуацыі ў спецустанову вырашылі не адпраўляць, то пытанне зноў можа быць паднятае перад судом у выпадку, калі цягам года падлетка зловяць на адміністрацыйным правапарушэнні. Пры гэтым у яго мусіць быць сфармаванае «нежаданне весці законапаслухмяны лад жыцця».
Улічваюцца толькі пэўныя артыкулы КаАП:
- 10.1 (Наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання, а таксама нанясенне пабояў, фізічных або псіхалагічных пакут членам сям'і);
- 11.1 (Дробны крадзеж);
- 11.3 (Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці);
- 18.14 (Кіраванне транспартным сродкам без правоў);
- 18.15 (Кіраванне ў нецвярозым стане);
- 19.1 (Дробнае хуліганства);
- 19.3 (Распіццё алкаголю, ужыванне наркотыкаў у грамадскім месцы або з’яўленне там у стане ап’янення);
- 19.5 (Занятак прастытуцыяй);
- 19.6 (Заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку).
Законапраект дадае да гэтага пераліку таксама артыкул 16.29 (Жорсткае абыходжанне з жывёламі або пазбаўленне ад жывёлы).
Другая падстава для суда адправіць дзіця ў спецустанову — гэта акурат неаднаразовыя правапарушэнні па гэтых артыкулах КаАП. Рашэнне пра накіраванне ў СВУ прымаецца, калі падлетак цягам года тры разы здзейсніў такія ўчынкі (яго маглі прыцягнуць да адказнасці, альбо вызваліць ад яе ў сувязі з малым узростам, альбо ўжыць прафілактычныя меры) і затым, нягледзячы на ўсю прафілактычную працу, парушыў гэтыя артыкулы чацвёрты раз. Гэтае палажэнне закона захоўваецца.
Калі змены пачнуць дзейнічаць?
Законапраект у лістападзе паступіў на разгляд Палаты прадстаўнікоў і цяпер рыхтуецца да першага чытання. Пасля яго прыняцця (яно можа быць хуткім або зацягнуцца) яго мусіць ухваліць Савет Рэспублікі, потым подпіс ставіць Лукашэнка.
Пасля гэтага закон будзе афіцыйна апублікаваны і ўступіць у сілу праз шэсць месяцаў. За гэты час чыноўнікі павінныя прыняць меры па яго рэалізацыі і адрэдагаваць адпаведныя прававыя акты.
Што такое спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы?
Гэта закрытыя школы і закрытыя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. У іх дзеці і падлеткі засвойваюць школьную праграму і атрымліваюць прафесію. Дзецям з асаблівасцямі развіцця і медыцынскімі праблемамі мусіць аказвацца адпаведная дапамога. Таксама ўсе падлеткі праходзяць спецыяльную выхаваўчую праграму. Дзяцей розных полаў, а таксама дзяцей з асаблівасцямі развіцця трымаюць асобна.
Цяпер у Беларусі працуе адна спецыяльная школа закрытага тыпу ў Магілёве і тры вучылішчы закрытага тыпу. Адно з іх для дзяўчынак — Петрыкаўскае дзяржаўнае спецПТВ № 1 лёгкай прамысловасці. І два для хлопчыкаў — Магілёўскае дзяржаўнае спецПТВ № 2 дрэваапрацоўкі і Крывіцкае спецыяльнае лекава-выхаваўчае ПТВ № 3.
У закрытыя школы могуць накіроўваць дзяцей з 11 да 14 гадоў, а ў вучылішчы — з 11 да 17 гадоў.
Дзіця можа быць змешчанае ў такую ўстанову на тэрмін да 2 гадоў або да свайго паўналецця. Пры жаданні дзіцяці або бацькоў тэрмін знаходжання там можа быць падоўжаны — так часам робяць, каб скончыць адукацыю, атрымаць атэстат ці дыплом.
Умовы ў спецшколах і спецвучылішчах падобныя з умовамі ў калоніях:
- тэрыторыя закрытая, пакідаць яе нельга без дазволу кіраўніцтва і суправаджэння, але могуць адпускаць дадому на выходныя;
- персанал абшуквае выхаванцаў;
- праводзіцца дагляд рэчаў падлеткаў, іх перадач і пасылак;
- персанал чытае ўсе лісты, якія падлеткі атрымліваюць ці хочуць адправіць;
- у вучылішчах выхаванцаў могуць прыцягваць да працы, напрыклад, па вырабе мэблі, за гэта яны атрымліваюць аплату;
- у выпадку парушэння правілаў падлетку могуць падоўжыць тэрмін знаходжання ў СВУ;
- выхаванцаў могуць караць забаронай выхаду з СВУ або змяшчэннем у «пакой рэадаптацыі» на два дні — гэта нешта накшталт адзіночнай камеры.
Цэнзура перапіскі і званкоў прыводзіць да таго, што дзеці не могуць паскардзіцца бацькам на ўмовы ўтрымання, жорсткае абыходжанне з боку персаналу. У сярэдзіне 2010-х адбылося некалькі даволі гучных уцёкаў са спецПТВ, пасля якіх станавілася вядома: дзяцей там білі, забаранялі ім лісты, перадачы і званкі, а калі дазвалялі патэлефанаваць, то ў прысутнасці супрацоўніка. Таксама ва ўстановах была сфармаваная культура накшталт турэмнай, дзе старэйшыя здзекаваліся з малодшых.
Чытайце таксама


