Намеснік дырэктара па ідэалогіі жодзінскага завода цяжкіх штамповак Яўген Іваноў памёр пасля затрымання. Пра гэта паведаміў праект «МотолькоПомоги».
Паводле звестак праекта, Яўгена Іванова затрымалі ўвечары 30 жніўня, пасля працы.
Мужчыну затрымалі на прахадной завода пасля працоўнай змены, павалілі на зямлю, запіхнулі ў машыну і павезлі. На наступны дзень, раніцай 31 жніўня, з’явіліся спачуванні ад калектыву завода ў сувязі са смерцю Яўгена Іванова.
«З глыбокім жалем паведамляем вам пра трагічную страту. Учора наш калега і сябар, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Іваноў Яўген Анатольевіч пакінуў нас назаўжды», — гаворыцца ў некралогу.
Афіцыйны тэлеграм-канал КЗЦШ адзначыў, што Яўген Іваноў быў «не толькі прафесіяналам, але і выдатным чалавекам».
Што менавіта адбылося — пакуль невядома. Яўгену было 34 гады.