Новай назвай былога McDonald’s стала «МАК.by». Пра гэта паведамляе фуд-блогер «Мерзкий Кокобай».
«Гістарычны момант: „Мы открыты“ цяпер афіцыйна» Мак. бай", сайт таксама памяняў імя на Mak.by!" - напісаў ён.
У якасці доказу ён апублікаваў фота работ па змене шыльды ў рэстаране экс-Mcdonald's на праспекце Незалежнасці.
Як паведамлялася раней, заяўку на рэгістрацыю таварнага знака «МАК.by» у пачатку красавіка падала «КСБ Виктори Рестораны». Яна размешчаная ў базе звестак Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.
Раней назву «МакБай» згадваў Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы 31 сакавіка з пасланнем народу Беларусі, ён паскардзіўся, што яму даводзіцца займацца няпрофільнымі пытаннямі.
— Вы ведаеце, калі я пачынаю распыляцца вось па гэтым пытанні, калі прэзідэнту трэба ўмешвацца і вучыць то таму, то гэтаму, то яшчэ там «МакДональдс» нейкі перарабляць у «МакБай» ці яшчэ ў нешта — у мяне кроў закіпае! Вы ж хочаце быць суверэннымі, незалежнымі. Як жа вы будзеце суверэннымі і незалежнымі, калі вы не бачыце, што дзеецца ў вас пад нагамі?
Як стала вядома 11 лістапада мінулага года, McDonald’s пакідае беларускі рынак. Было абвешчана, што яго месца зойме расійская сетка фастфуду «Вкусно — и точка», адкрытая ў памяшканнях Mcdonald’s пасля яго закрыцця ў Расіі.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход Mcdonald’s, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца мусяць заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада рэстараны пачалі працаваць без шыльдаў McDonald’s альбо «Вкусно — и точка». З таго часу ўстановы юрасобы «КСБ Виктори Рестораны» працавалі пад незразумелым брэндам «Мы открыты», аднак з новым меню, якое не ўсім прыйшлося да душы.
12 снежня Аляксандр Лукашэнка заяваўл, што McDonald’s цяпер — гэта «нашае прадпрыемства». «Не захацелі амерыканцы ці хто там працаваць, то як хочаце, нашыя людзі не дурнейшыя», — сказаў ён. Чыя канкрэтна цяпер гэта кампанія, палітык не ўдакладніў. Пры гэтым ён таксама казаў пра нацыяналізацыю кампаній, «гаспадары якіх сышлі».
Аднак уладальнікі сеткі, мяркуючы з адкрытых звестак, засталіся на момант гэтай заявы Аляксандра Лукашэнкі ранейшымі.
А 5 студзеня гэтага года стала вядома, што McDonald’s перастаў працаваць і ў Казахстане праз абмежаванні паставак мяса для бургераў з Расіі.
Распечатано с портала ZERKALO.IO