На вядомага полацкага бізнесоўца з топ-200 самых уплывовых прадпрымальнікаў завялі крымінальную справу
17 лютага 2023 у 1676616420
«Зеркало»
На буйнога бізнесоўца, у якога ёсць аб'екты нерухомасці ў Полацку і Наваполацку, завялі крымінальную справу, паведамляе Дзяржкантроль. Відавочна, гаворка пра бізнесоўца Уладзіміра Захарава, у якога раней была кампанія «Гандлёвы дом "Стралец"» - яе нядаўна ліквідавалі. У ведамстве паведамляюць пра ўхіленне ад выплаты падаткаў, легалізацыю злачынных даходаў, утойванне выручкі. Сам бізнесовец, паводле інфармацыі «Люстэрка», цяпер знаходзіцца за мяжой.
«Падчас праверкі было выяўлена, што для незаконнай мінімізацыі падаткаў бізнесовец арганізаваў на тэрыторыі Наваполацка і Полацка рэгістрацыю падкантрольных суб'ектаў гаспадарання (трох індывідуальных прадпрымальнікаў і 4 юрыдычных асоб), якія прымяняюць спецыяльны рэжым падаткаабкладання, а пасля штучна размяркоўваў паміж імі атрыманую выручку ад здачы маёмасці ў арэнду. У выніку прадпрымальнік недаплаціў больш за 420 тыс. рублёў падаткаў», - заявілі ў КДК.
На адным з размешчаных КДК фота ёсць нумары тэлефонаў з рэкламай арэнды аб'екта нерухомасці. Гэтыя нумары пазначаныя на сайце кампаніі «Гандлёвы дом "Стралец"».
Таксама ў сюжэце тэлеканала АНТ пра заведзеную крымінальную справу паказалі офіс «Гандлёвага дома "Стралец"» і самога Уладзіміра Захарава. Дзяржаўнае ТБ прадэманстравала відэа з яго сацыяльных сетак.
У ведамстве таксама сцвярджаюць, што бізнесовец вывеў з разліковага рахунку прадпрыемства і абнаявіў праз асабісты карт-рахунак 3,4 млн рублёў. Сцвярджаецца, што з гэтай сумы не быў выплачаны падаходны падатак у 320 тыс. рублёў.
«Таксама была зробленая спроба легалізаваць частку даходаў, здабытых злачынным шляхам. У дачыненні да бізнесоўца і яго 6 памагатых Наваполацкім міжраённым аддзелам упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці распачатыя 3 крымінальныя справы па фактах ухілення ад выплаты падаткаў, ухілення ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў, і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», - паведамляе КДК.
У офісах кампаній і ў жыллі падазраваных правялі ператрусы.
«Накладзены арышт на маёмасць падазраваных: 68 аб'ектаў нерухомасці плошчай больш за 107 тыс.кв. м. і агульным коштам не менш за 92 млн еўра, у тым ліку 24 гандлёвыя цэнтры, катэджы, кватэры, аўтамабілі люксавага сегмента», - сцвярджае КДК.
Што за кампанія «Гандлёвы дом "Стралец"»
Кампанія «Гандлёвы дом "Стралец"» здавала ў арэнду гандлёвыя памяшканні. Яе закрылі 11 студзеня. Юрыдычную асобу рэарганізавалі праз падзел, то-бок на месцы адной кампаніі з'явілася некалькі. Паводле інфармацыі самой кампаніі, іх стала чатыры.
«Замест яго ["Гандлёвага дома «Стралец""] з'явіліся чатыры фірмы, адна з якіх атрымала ад Гандлёвага дома «Стралец» у спадчыну жывых грошай (прыбытак мінулага) у суме 1 600 000 рублёў і будынкаў на суму больш чым 10 мільёнаў. І гэтая фірма гатовая c гэтымі грашыма і маёмасцю цягам 5 гадоў сустракаць любога правяральніка (а не толькі падаткавікоў) і даказваць, што гэтыя грошы і маёмасць ніхто і нізашто ў яе не забярэ, бо ўпэўненая - парушэнняў у «Стральца» ў мінулым няма, і гатовая гэта даказаць каму заўгодна», - гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Фірма працавала ў Беларусі з 1997 года. Паступова яна пачала адыгрываць значную ролю ў рэгіёне - налічвала дзясяткі гандлёвых аб'ектаў, якія здавала ў арэнду. А яе ўладальнік Уладзімір Захараў у 2013 годзе заняў 131-ю пазіцыю ў рэйтынгу «Ежедневника» самых уплывовых прадпрымальнікаў Беларусі.
Летась у кампаніі паведамлялі пра павышаную цікавасць да бізнесу з боку Наваполацкага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У верасні ў офісе кампаніі прайшоў ператрус. Пасля гэтага на старонцы кампаніі ў інстаграме паведамілі, што «партнёраў-арандатараў масава выклікаюць у ДФР».
У снежні мінулага года стала вядома, што Уладзімір Захараў распрадае аб'екты нерухомасці сваёй кампаніі ў сямі гарадах краіны. Усяго распродаж датычыў 32 аб'ектаў і адной стаянкі. Тады ж з'явілася інфармацыя пра блізкую ліквідацыю кампаніі.
Хто такі Уладзімір Захараў
Уладзіміру Захараву належала вялікая частка гандлёвых плошчаў у Полацку і Наваполацку. Гэта буйныя гандлёвыя цэнтры, гіпермаркет, кірмаш «Стралецкі». Раней Захараў валодаў тэлеканалам «Квант» і газетай «Информ-плюс», лікёра-гарэлкавым заводам «Вінрэал».
Пра Захарава таксама вядома, што ён прафесійны гулец у покер, пераможца міжнародных турніраў.
У 2020 годзе Полацкі райвыканкам звярнуўся да Уладзіміра Захарава з просьбай знізіць арэндную плату ў сувязі з «цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыяй» з прычыны каранавіруса. Тады прадпрымальнік адказаў уладам смела і даволі рэзка.
«Калі з гэтага вы хоць нешта зробіце, тады мы лёгка зможам знізіць арандатарам іх абавязанні перад намі. У цяперашніх умовах вашай бяздзейнасці гэта немагчыма. Не таму, што мы гэтага не хочам, а таму, што вы нічога не робіце», - адзначаў у сваім адказе Уладзімір Захараў.
Бізнесовец тады пацвердзіў TUT.BY, што сапраўды адправіў такі адказ Полацкаму райвыканкаму.
- За тое, што цяпер адбываецца [сітуацыя з каранавірусам], мы перажываем не менш, чым улады. Мы не хочам на гэтым зарабляць. Я так адказаў, бо ўжо набалела. Разам з тым гэты адказ не з'яўляецца антыподным. Улады павінныя зрабіць хаця б тое элементарнае, што напрошваецца само сабой. Гэта я і сказаў у пяці пунктах у лісце. Калі мы [бізнес і ўлада] не будзем зараз рабіць нешта разам, нічога не атрымаецца, - заявіў бізнесовец.